Пра пустыя цюбікі
У часы Перабудовы дзеці збіралі пустыя пачкі ад цыгарэт, абгорткі ад цукерак і шакаладу. А вось у 2021 годзе некаторыя збіраюць пустыя цюбікі ад шампуняў ці крэмаў. Прынамсі, адзін праўладны дзеяч прызнаўся, што сабраў усе пустыя цюбікі Nivea у пакет і выкінуў. Я вось заўжды думала, што ўсе пустыя цюбікі выкідаюцца ў сметніцу. Ну, не збіраць жа іх, як абгорткі ў перыяд Перабудовы. Аказваецца, не. Затое потым на ўсю краіну можна заявіць пра выкідванне смецця як пра палітычную акцыю. Маўляў, Nivea – такія-сякія, выступалі супраць Чэмпіянату свету па хакеі, і таму я выкінуў пустыя цюбікі ў пакецік. Вось, цікава, калі я кожны дзень выкідаю шкарлупінне ад яек, то я, атрымліваецца, выступаю супраць курэй? А яшчэ я выкідаю розныя паперкі, пластыкавыя бутэлькі, ці бананавую лупіну. Цікава, што б гэта магло азначаць?
А яшчэ адзін чыноўнік нагадаў, што Беларусь – незалежная краіна. Я ўжо хацела ўзрадавацца. Думаю, ура, можа, у кожным горадзе з’явіцца па некалькі беларускамоўных школ і садкоў. Ну, і хаця б адзін беларускамоўны ўніверсітэт. Аказалася, памылілася. Тут зноў было пра Nivea і пра іх заявы. Калі ўлічыць, што Nivea выказвалася наконт Беларусі толькі ў звязку з правядзеннем ЧС па хакеі, то атрымліваецца, што незалежнасць – гэта хакей. А як інакш? Бо Nivea ніколі не гаварыла, што Беларусь – гэта спрадвечна нівееўскія землі, ніколі не заяўляла пра інтэграцыю Беларусі ў Nivea. Яны проста сказалі, што не будуць спансаваць Чэмпіянат свету па хакеі, калі ён пройдзе ў Беларусі. Таму вельмі дзіўна ўвогуле звязваць незалежнасць і выказванне кампаніі наконт ЧС па хакеі. Карацей, не шукайце логікі там, дзе яе няма.