На Данбасе надалей няма міру (абноўлена)
Украіна правяла чатыры этапы адвядзення цяжкай зброі. Пра гэта заявіў прэс-сакратар Антытэрарыстычнай аперацыі Андрэй Лысенка. Пры гэтым ён адзначыў, што ўкраінскае войска не будзе “агаляць фронт”, бо менскія дамоўленасці не выконваюць прадстаўнікі прарасейскіх баевікоў.
Паводле Андрэя Лысенкі, цяпер на лініі сутыкнення адбываецца абсталяванне дзвюх ліній абароны, каб прадухіліць магчымы наступ так званых ДНР і ЛНР. Важна, каб украінская армія вынесла ўрокі з сітуацыі вакол Дэбальцава, адзначыў у нашым эфіры данецкі блогер Дзяніс Казанскі.
– Дэбальцава было вельмі ўразлівым месцам. Гэта была такая кішэня, якую было вельмі цяжка ўтрымаць. Цяпер лінія фронту выраўнялася, больш ўмацавана. Таму далейшыя прарывы будуць цяжкімі і могуць мець негатыўныя наступствы з вялікімі стратамі. Палявы камандзір Аляксей Мазгавы заявіў падчас сваёй прэс-канферэнцыі, што страты з боку сепаратыстаў пад Дэбальцава былі каласальныя.
Нягледзячы на перамір’е, якое мела наступіць з 15 лютага, баі вакол Дэбальцава працягваліся, і 18 лютага часткі ўкраінскіх войскаў былі вымушаныя пакінуць Дэбальцаўскі плацдарм. Цяпер асноўныя атакі з бокі баевікоў адбываюцца ў раёне Марыупаля, дзе праходзяць баі за вёску Шырокіна.
* * *
Месяц пасля менскіх дамоўленасцяў міру на Данбасе няма, адзначыў у нашым эфіры блогер з Данецка Дзяніс Казанскі. 12 лютага ў Менску лідары Нямеччыны, Францыі, Украіны і Расеі дамовіліся пра нармалізацыю на ўсходзе Украіны. Першым пунктам мела стаць прыпыненне агню. Перастрэлкі на лініі фронту адбываюцца і цяпер, расейскія войскі па-ранейшаму на Данбасе.
Кажа Дзяніс Казанскі:
– Іх салдаты нікуды не сышлі. Іх ваенная тэхніка нікуды не знікла – яна стаіць у гарадах, якія імі захоплены. І пра гэта кажуць усе жыхары гарадоў, якія бачаць іх танкі, што ездзяць па вуліцах. Мае знаёмыя расказвалі, што ўся гэтая тэхніка стаіць на тэрыторыях заводаў, закрытых прамысловых прадпрыемстваў. І мы ведаем, што гэтая вайна хутка аднавіцца. Магчыма, нават цягам бліжэйшага месяца.
Напярэдадні ў ваколіцах Данецка прарасейскія баевікі абстралялі валанцёраў Чырвонага крыжа. Назіральнікі АБСЕ дагэтуль не могуць трапіць у многія раёны, што кантралююцца баевікамі для праверкі адводу ад лініі фронту цяжкага ўзбраення.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Фота obozrevatel.com