Кіраўнік ЦВК: Рэферэндум па змене Канстытуцыі плануецца на студзень 2022 года



Рэферэндум па ўнясенні змен у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь плануецца на студзень 2022 года, паведаміла БелаПАН старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

Яна нагадала, што Аляксандр Лукашэнка на IV Усебеларускім народным сходзе казаў пра магчымасць сумяшчэння рэферэндуму па Канстытуцыі і выбараў у мясцовыя саветы.

„Апошні тэрмін правядзення мясцовых выбараў — 16 студзеня”, — сказала Ярмошына і ўдакладніла, што рэферэндум пройдзе адначасова з выбарамі.

На пытанне, ці будзе прызначаны рэферэндум тады ж, калі будзе прызначаная дата правядзення мясцовых выбараў, Ярмошына адказала: „Рэферэндум можна прызначыць і пазней. Рэферэндуму не патрабуюцца тыя мерапрыемствы, якія патрабуюцца па выбарах. Выбары ж патрабуюць вылучэння кандыдатаў, а рэферэндум гэтага не патрабуе. Рэферэндум, па сутнасці справы, не патрабуе нічога, акрамя вырабу бюлетэняў па ім”.

Паводле слоў Ярмошынай, адначасовае правядзенне мясцовых выбараў і рэферэндуму дазволіць і зэканоміць бюджэтныя сродкі, і прыцягнуць больш увагі да гэтых выбарчых мерапрыемстваў.

Ярмошына таксама паведаміла, што 20 снежня 2021 года заканчваецца тэрмін паўнамоцтваў дзейнага складу Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. „Павінна быць прызначаная новая камісія. І я думаю, што яна будзе прызначаная да прызначэння мясцовых выбараў. Я не планую заставацца на сваёй пасадзе”, — сказала яна.

16 сакавіка Лукашэнка падпісаў указ аб стварэнні камісіі па падрыхтоўцы паправак у Канстытуцыю Беларусі. У склад камісіі, якую ўзначаліў старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч, увайшлі 36 чалавек з розных сфер. Намеснікамі старшыні камісіі прызначаныя кіраўнікі Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Уладзімір Андрэйчанка і Наталля Качанава.

Камісія павінна да 1 жніўня падаць Лукашэнку прапановы аб змене Асноўнага закона для іх далейшага вынясення на рэферэндум.

belapan.by