Гародня: на “Мове Нанова” размаўлялі пра Чарнобыльскую катастрофу



Асноўнай тэмай гарадзенскіх папулярных курсаў “Мова Нанова” стала катастрофа, што адбылася 35 год таму ў Чарнобылі.

Госцем сустрэчы быў біёлаг і арнітолаг Зміцер Вінчэўскі, які распавёў пра змены ў прыродзе пасля катастрофы. Гэтыя змены ён падзяліў на тры этапы.

– Першы этап адбываўся на працягу, прыкладна, 20 дзён пасля выбуху. Ён быў звязаны з велізарным выпраменьваннем. У асноўным бэта-выпраменьваннем, не гама. З-за таго, што пасля выбуху ўтварылася велізарная колькасць кароткажывучых радыёактыўных ізатопаў. Яны адмоўным чынам уздзейнічалі на расліны, на верхнія слаі глебы, і з-за гэтага, напрыклад, у радыусе 3-7 кіламетраў вакол АЭС колькасць бесхрыбетных, а гэта значыць, насякомых, павукападобных, малюскаў, чарвей, зменшылася ў 30 разоў.

Па словах Зміцера Вінчэўскага, жывёлы, якія жывуць недалёка ад Чарнобыля, – зусім не баяцца людзей.

– Яны не бачаць чалавека. Зразумела, яны асцярожныя, але яны проста не ўспрымаюць чалавека як ворага. Таму што, па-першае, хутчэй за ўсё не сустракаліся з прадстаўнікамі нашага віду, альбо ўвогуле, альбо ў нейкіх адмоўных сітуацыях – падчас паляванняў, або нейкіх лесанарыхтовак, вядзення сельскагаспадарчай дзейнасці. З-за гэтага сустракаюцца вельмі часта, іх лёгка, параўнальна, убачыць. Тое, чаго вы не зможаце зрабіць, напрыклад, у нашых нацыянальных парках, у заказніках, у нашым знакамітым Бярэзінскім запаведніку, гэта параўнальна лёгка зрабіць у гэтым Палескім эколага-радыёлагічным запаведніку.

Зміцер Вінчэўскі быў з калегамі арнітолагамі ў запаведніку ў экспедыцыі. Падчас сустрэчы спадар Вінчэўскі таксама абверг легенды пра мутацыі жывёлаў, якія нібыта можна сустрэць каля былой станцыі. На яго думку, такія мутацыі калі з’явяцца, то толькі праз тысячагоддзі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча