Трох жыхароў Баранавічаў асудзілі за спробы заблакаваць чыгуначны рух



Суд Баранавіцкага раёна прыгаварыў 29-гадовага Сяргея Богдана і 33-гадовага Уладзіміра Ланкевіча да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, 31-гадовага Віктара Іванцова — да двух гадоў, паведамляе пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”.

Богдан і Ланкевіч прызнаныя вінаватымі па ч. 1 арт. 14 (замах на злачынства) і арт. 309 КК (наўмыснае прывядзенне ў непрыгоднасць транспартнага сродку або шляхоў зносін), Іванцоў — па арт. 309.

Справу разглядала суддзя Паўлоўская. Дзяржабвінавачанне падтрымаў намеснік брэсцкага транспартнага пракурора, старшы саветнік юстыцыі Ігар Палыка.

Мужчын абвінавачвалі ў тым, што яны спрабавалі заблакаваць рух чыгуначнага транспарту. Некаторыя спробы скончыліся няўдачай, а ў двух выпадках блакаванне спрацавала — у выніку быў парушаны рух цягнікоў.

Іх прызналі вінаватымі ў прывядзенні ў непрыдатны для эксплуатацыі стан транспартнага абсталявання, калі гэтыя дзеянні заведама для вінаватых маглі мець вынікам цяжкія наступствы. Гаворка ідзе аб замыканні рэйкавага ланцуга, змяшчэнні камянёў паміж рэйкамі і механізмамі стрэлачных пераводаў, уздзеянні з выкарыстаннем металічных гаечных ключоў на сістэму мікрапрацэсарнай паўаўтаматычнай блакіроўкі руху цягнікоў.

Абвінавачваныя прызналі, што рабілі названыя дзеянні, але адмаўлялі якія-небудзь пашкоджанні. Паводле іх слоў, участкі чыгункі не страцілі працаздольнасці, што не можа быць кваліфікавана як злачынства па арт. 309. Яны таксама заявілі, што ведалі аб адсутнасці небяспекі ў іх дзеяннях.

Сведкі па справе — дзевяць работнікаў чыгункі. Восем з іх заявілі ў судзе, што дзеянні абвінавачаных не маглі прычыніць пашкоджанняў, а іх наступствы былі лёгка і хутка ліквідаваныя. Рэвізор службы бяспекі руху цягнікоў, які выступіў у якасці сведкі, адзначыў, што такія дзеянні маглі прывесці да збою аўтаматыкі і затрымкі руху, аднак аўтаматыка не дапусціла б крушэння цягніка.

belapan.by