Пра курс на рэабілітацыю ідэолагаў чырвонага тэрору



Кропка ў пытанні вяртання помніка Феліксу Дзяржынскаму на Лубянскай плошчы ў Маскве, здаецца, пастаўленая. Пасля трох дзясяткаў год сумневаў і дыскусій пра ролю заснавальніка ЧК у гісторыі Расеі абраны курс на рэабілітацыю і ўсхваленне ідэолагаў “чырвонага тэрору”. Пракуратура Масквы пастанавіла, што стыхійны знос помніка жалезнаму Феліксу, які здарыўся ў жніўні 1991 года, мае незаконны характар. Сыходзячы з логікі падзей, варта чакаць урачыстай цырымоніі вяртання помніка Дзяржынскаму на Лубянцы і пакарання грамадзянаў, якія на хвалі дэмакратычнай рэвалюцыі ў Расеі зрынулі калісьці нянавіснага балвана з п’едэсталу.

Трэба сказаць, што спробы вяртання помніка заснавальніку ЧК у Расеі прымаліся і раней. У 2002 годзе тагачасны мэр Масквы Юрый Лужкоў прапанаваў правесці рэферэндум па пытанні вяртання помніка, але на той момант рэакцыя грамадскасці прымусіла яго адмовіцца ад сваёй ідэі. Пазней гэтага ж дамагаліся праўладныя камуністы з КПРФ, якія сабралі нават каля 150 тысяч подпісаў у падтрымку ініцыятывы. Але самае цікавае, што ў фінале за рэабілітацыю бальшавіцкага ката выступілі асобы, ідэалогія якіх вельмі блізкая да тых, каго Фелікс пасля рэвалюцыі знішчаў з асаблівым задавальненнем. Цяперашнія чарнасоценцы, якія прапагандуюць ідэі так званага “рускага міру”, патрабуюць вяртання помніка на Лубянку, не ўсведамляючы, што калі б Фелікс быў жывы ён бы не вагаўся ані хвілі, каб вынесці ім прысуд.

Біяграфія стваральніка Ваеннай Надзвычайнай Камісіі (ВЧК) Фелікса Дзяржынскага дастаткова добра вывучаная гісторыкамі. Асабліва вялікі ўнёсак у вывучэнні фактаў ягонага жыцця зрабілі даследчыкі ў канцы 1980-х – першай палове 1990-х. Савецкія людзі, выхаваныя на ідэалізаваных агіяграфіях камуністычных правадыроў, не маглі паверыць, што інтэлігентны чалавек з бародкай-эспаньёлкай з тонкімі рысамі твару насамрэч быў крывавым фанатыкам, на сумленні якога мільёны бязвінных ахвяр. Камуністычная прапаганда спрабавала ляпіць з Дзяржынскага вобраз вялікага гуманіста, які ахвяраваў сабой дзеля шчасця прыгнечаных людзей, выратоўваў безнаглядных дзяцей і змагаўся з бандытызмам. Насамрэч жа такое ўяўленне пра гэтага дзеяча далёкае ад праўды. Дастаткова толькі пералічыць некалькі фактаў, каб пазл склаўся. Фелікса лічаць вінаватым у забойстве роднай сястры Ванды, якая загінула ў 14-гадовым узросце ў выніку няшчаснага выпадку, калі будучы наркам з братам Станіславам практыкаваліся ў стральбе. Пазней, захапіўшыся марксісцкімі ідэямі, адбываў шматгадовыя пакаранні на катарзе, адкуль бы, пэўна, і не вышаў, каб не рэвалюцыя ў лютым 1917 года. Пазней ён вярнуў пазыкі царскім жандарам і турэмным наглядчыкам, якія навучылі яго эфектыўным методыкам выбівання паказанняў. Менавіта ён узвёў у абсалют прынцыпы пазасудовай расправы над апанентамі ўлады і фармаваў карны апарат з выключна лаяльных і недалёкіх людзей, што ў выніку прывяло да жахлівых наступстваў, пра якія напісаныя тысячы кніг-сведчанняў антычалавечай сутнасці сталінізму.

Цікава, што культ Дзяржынскага ніколі не развенчваўся ані ў расейскіх органах бяспекі, ані ў беларускіх. Партрэт стваральніка ЧК быццам бы нагадваў і нагадвае людзям у форме пра тое, што калі “сацыялістычная айчына ў небяспецы”, тады “не да законаў”. А паколькі ў фантазіях спецслужбістаў “сацыялістычная айчына” заўжды ў небяспецы, то адсюль і сітуацыя татальнага беззаконня, якое пануе ў большасці постсавецкіх дзяржаваў дагэтуль. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ