Джулі Фішэр назвала інфармацыю пра замах на Лукашэнку недарэчнай і бязглуздай



Джулі Фішэр заявіла, што Злучаныя Штаты працягнуць выказвацца пра сітуацыю ў Беларусі ад імя палітвязняў і нацыянальных меншасцяў.

Амбасадарка Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі выказалася пра ціск на беларускіх пратэстоўцаў, а таксама на польскую нацыянальную меншасць рэжымам Лукашэнкі, паведамляе польскі тэлеканал Polsat.

Паводле Фішэр, ЗША не збіраюцца «сядзець склаўшы рукі» ў чаканні зменаў у Беларусі, яны плануюць супрацоўнічаць з саюзнікамі і дзеячамі дэмакратычнага руху Беларусі.

Па словах Джулі Фішэр, дэмакратычны рух, што супрацьстаіць праўленню Аляксандра Лукашэнкі, «мае патэнцыял»:

– Рэпрэсіі, гвалт, катаванні, збіццё, арышты і затрыманні, якія прымяняюцца ўладамі, несумненна, уплываюць на колькасць людзей, гатовых штодня выходзіць на вуліцы, – сказала яна.

Яна таксама заявіла, што рэжым павінен вызваліць палітычных зняволеных і пачаць «сапраўдны дыялог аб новых выбарах». 

„Калі я думаю пра суверэнітэт Беларусі, я ўяўляю сабе не кнопку «ўключэнне-выключэнне», а хутчэй «паўзунок», які ўсё больш ссоўваецца ў бок залежнасці ад Масквы», – адзначыла амбасадарка. 

Таксама Фішэр адмаўляе, што ЗША – як меркавалі Лукашэнка і Уладзімір Пуцін – арганізоўвалі замах на гэтага першага лідара: „Калі б сітуацыя ў Беларусі не была такой сур’ёзнай, большасць з нас палічыла б гэтыя абвінавачанні падставай для смеху. Яны зусім недарэчныя і бязглуздыя. Не ведаю, ці ёсць сэнс гэта каментаваць яшчэ”, – сказала дыпламат.

Джулі Фішэр таксама згадала пра рэпрэсіі, якія рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае супраць польскай меншасці ў Беларусі:

– Гэта доказ таго, наколькі экстрэмальнай з’яўляецца сітуацыя з правамі чалавека ў гэтай краіне. Нашы польскія сябры вельмі шмат робяць для таго, каб міжнародная супольнасць звярнула ўвагу на іх лёс. Злучаныя Штаты, як і раней, будуць дзейнічаць ад імя меншасцяў і палітычных зняволеных.

Фота: polsatnews.pl