Юльян Нагельсман падпіша пяцігадовы кантракт з „Баварыяй”
Галоўны трэнер „Лейпцыга” Юльян Нагельсман па заканчэнні сезона падпіша пяцігадовы кантракт з „Баварыяй”.
Нямецкі спецыяліст адхіліў прапанову „Тотэнхэма” і ўжо ўзгадніў з мюнхенскім клубам умовы асабістага кантракту. Цяпер „Баварыя” і „Лейпцыг” абмяркоўваюць апошнія дэталі дамовы. У руля „Баварыі” 33-гадовы Нагельсман зменіць Ханса-Дытэра Фліка, які ў канцы сезона пакіне Мюнхен і, хутчэй за ўсё, узначаліць зборную Германіі.
Сёлета мюнхенская „Баварыя” можа расстацца з польскім форвардам Робертам Левандоўскім. Як сцвярджае „Sky Sports Deutschland”, за Робертам ужо з’явілася чарга з топ-клубаў. Форвард цікавы іншым камандам. Некалькі клубаў ужо правялі першыя перамовы з прадстаўнікамі Роберта. Сам паляк пакідаць каманду не мае намеру. Кантракт з клубам у яго заканчваецца ў 2023 годзе.
Хакеісты юніёрскай зборнай Беларусі саступілі шведам у стартавым матчы ЧС
Хакеісты юніёрскай зборнай Беларусі саступілі шведам у стартавым матчы чэмпіянату свету гэтай узроставай групы – 1:5 (0:1, 1:2, 0:2). Адзіную шайбу беларусы закінулі на 28-й хвіліне матчу, калі гулялі ў большасці, вызначыўся Даніла Клімовіч. Наступны паядынак на чэмпіянаце беларусы правядуць у ноч з аўторка на сераду. Супернікамі каманды Дзмітрыя Шульгі стануць швейцарцы.
У „Ліверпуля” страты 46 млн фунтаў за мінулы фінансавы год
„Ліверпуль” даў справаздачу аб выніках мінулага фінансавага года. За 12-месячны перыяд, які завяршыўся ў траўні 2020, мерсісайдцы зафіксавалі страты ў памеры 46 мільёнаў фунтаў да падаткаабкладання. За год да гэтага клуб завяршыў перыяд з прыбыткам 42 мільёны фунтаў. Такім чынам, розніца за адзін фінансавы год склала 88 мільёнаў фунтаў. Падзенне даходаў „Ліверпуля” тлумачыцца ўплывам пандэміі каронавіруса. Паводле ацэнак клуба, агульны негатыўны эфект ад пандэміі складзе 120 мільёнаў фунтаў.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: sports.ru