Агляд прэсы: тайнае становіцца яўным
Сусветныя СМІ абураныя тым, што міліцыя Беларусі не дапусціла акцыю з нагоды гадавіны Чарнобыля ў Менску. Падзенне Джэка Ма як «градуснік» дыктатуры.
Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:
– Найбуйнейшая газета ў Мінесоце Startribune на першых старонках паведамляе, што ў панядзелак ўлады Беларусі ўзмацнілі жорсткія меры бяспекі, каб прадухіліць акцыю апазіцыі з нагоды гадавіны Чарнобыльскай ядзернай катастрофы.
«Вайскоўцы і міліцыя запаланілі цэнтр беларускай сталіцы, Менску, перакрыўшы цэнтральныя праспекты, каб сарваць запланаванае шэсце. Па дадзеных праваабарончай арганізацыі «Вясна», міліцыя арыштавала каля 20 чалавек», – падкрэслівае выданне і адзначае, што жорсткая акцыя міліцыі з’яўляецца часткай бязлітасных рэпрэсій уладаў супраць любой формы пратэстаў у Беларусі.
„Куды дзеўся Джэк Ма? На працягу апошніх 6 месяцаў гэтае пытанне хвалюе не толькі фінансавыя колы. Джэк Ма – самы багаты чалавек Кітая, заснавальнік найбуйнейшай у свеце кампаніі электроннай камерцыі Alibaba. Дзякуючы сваім анлайн-крамам, плацежным і крэдытным платформам за два дзесяцігоддзі ён ператварыўся ў магутнага гульца ў бізнесе і ў банкаўскай сферы, больш чым нават Безас або Цукерберг. Сёння Пекін руйнуе яго імперыю», – піша швейцарская газета Le Temps.
Выданне папярэджвае, што далейшы лёс Джэка Ма стане паваротным момантам у стратэгіі лічбавага развіцця кітайскіх уладаў. На працягу двух дзесяцігоддзяў Пекін фактычна заахвочваў з’яўленне прыватных кампаній, здольных заявіць пра сябе на міжнародным рынку. Аднак моцны бізнэс цэнтральныя ўлады пачалі разглядаць як пагрозу.
«У дадзеным выпадку непрыемнасці Джэка Ма можна інтэрпрэтаваць як жаданне дыктатарскай ўлады не саступаць свае прэрагатывы. Можна таксама паставіць пад сумнеў здольнасць Кітая да інавацый у будучыні. Аднак хіба толькі Кітай? Выпадак Джэка Ма павінен прымусіць нас задумацца пра рост сілы яго заходніх двайнікоў. Што будуць рабіць Злучаныя Штаты, калі Бэзас або Цукерберг пажадаюць трапіць у Белы дом? Як можна быць упэўненымі ў тым, што ўлада, якую яны атрымаюць, дзякуючы кантролю над дадзенымі сваіх кліентаў, не будзе пагражаць на гэты раз ужо дэмакратычнай дзяржаве?», – ставіць нязручнае пытанне Le Temps.
Пасля выкрыцця аперацыі расейскіх спецслужбаў, якая ў 2014 годзе прывяла да выбуху на складзе боепрыпасаў у Чэхіі, Прага і Масква пачалі весці крыжаваны дыпламатычны агонь. Абодва бакі абмяняліся высылкай дыпламатаў. Прэзідэнт Чэхіі Мілаш Зэман перапыніў сваё зацягнутае маўчанне і заявіў аб тым, што сумняваецца ў выніках следства.
«Ставячы пад сумнеў вынікі расследавання, прэзідэнт Чэхіі гуляе на руку Маскве», – з абурэннем піша чэшская газета Hospodářské noviny.
«На жаль, мелі рацыю тыя, хто казаў пра тое, што Зэман напэўна пачне прымяншаць значэнне гэтых дзеянняў з боку Расеі, якія мяжуюць з дзяржаўным тэрарызмам. Прэзідэнт самым неверагодным чынам паставіў пад пытанне працу спецслужбаў ўласнай краіны – гэта беспрэцэдэнтны выпадак! Зэман дзейнічаў згодна з лекаламі гібрыднай вайны, у адпаведнасці з якімі неабходна ставіць усё і ўся пад сумнеў, размываючы і хаваючы наяўную інфармацыю. І ўсё дзеля таго, каб праўда так і засталася нявысветленай. Што ж, Уладзімір Пуцін будзе задаволены. З Масквы даносяцца звон бакалаў і віншаванні», – адзначае чэшскае выданне.
Еўракамісія прадставіла грамадскасці першую ў свеце рамачную заканадаўчую базу па штучным інтэлекце. Для такіх сістэм, якія могуць прадстаўляць пагрозу для бяспекі правам чалавека, у будучыні павінны будуць дзейнічаць строгія правілы і прадпісанні. У выпадку асабліва відавочных рызыкаў, напрыклад, калі гаворка ідзе аб парушэнні свабоды волевыяўлення, у сілу будуць уступаць забароны. Такім чынам, згодна з планамі Еўракамісіі, давер да штучнага інтэлекту павінен узрасці.
«Еўропа становіцца першапраходцам у справе ўстанаўлення этычных межаў з мэтай абароны дэмакратыі і недатыкальнасці прыватнага жыцця грамадзянаў», – з натхненнем адзначае італьянская газета La Repubblica.
«Ідэя ў тым, каб знайсці свой, «еўрапейскі шлях» паміж лічбавым аўтарытарызмам на кітайскі ўзор і абсалютнай рынкавай свабодай у амерыканскім духу. Вось падыход, які ўлічвае асаблівасці еўрапейскай культуры, які падчас сваёй шматгадовай працы падрыхтаваў Брусэль і які знойдзе сваё адлюстраванне ў адным з цэнтральных пунктаў новых правілаў: алгарытмы на нашым кантыненце павінны забяспечвацца дадзенымі, якія адлюстроўваюць еўрапейскія каштоўнасці. Калі ж, наадварот, высветліцца, што сістэма штучнага інтэлекту забяспечваецца дадзенымі, за якімі хаваюцца забабоны, расізм або дыскрымінацыя, то тады яе прыйдзецца перапраграмаваць з нулю», – піша італьянскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя