Круглы стол “Беларускі салавей”: да 135-годдзя Змітрака Бядулі



29 красавіка 2021 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбудзецца круглы стол “Беларускі салавей”, прымеркаваны да юбілею вядомага паэта і празаіка Змітрака Бядулі (1886–1941).

Адной з галоўных задач Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з’яўляецца захаванне і пашырэнне найлепшых твораў беларускіх пісьменнікаў, а таксама ўмацаванне айчынных традыцый літаратурнай творчасці.

Асабліва важна не забыцца пра дасягненні пісьменнікаў-юбіляраў, чые імёны набываюць сёлета асаблівую актуальнасць: Іван Шамякін, Іван Мележ, Ян Чачот, Янка Лучына, Алаіза Пашкевіч, Максім Багдановіч, Змітрок Бядуля і іншыя. Імя апошняга займае сярод іх асаблівае і вельмі важнае месца: ён быў адначасова і адным з пачынальнікаў сучаснай беларускай літаратуры, і яе класікам.

Комплекснае мерапрыемства да юбілею Змітрака Бядулі будзе прадугледжваць прэзентацыю вялікай віртуальнай экспазіцыі, навуковае пасяджэнне, сустрэчу са сваякамі і нашчадкамі пісьменніка. Чакаецца, што ўдзел у круглым стале “Беларускі салавей” прымуць навукоўцы з розных гарадоў Беларусі, прадстаўнікі бібліятэк і музеяў, сродкаў масавай інфармацыі. Ганаровым госцем круглага стала стане Яфім Плаўнік, сын Змітрака Бядулі.

Круглы стол пройдзе ўжывую з трансляцыяй на платформе YouTube. Трансляцыя і пазнейшы відэазапіс мерапрыемства будуць даступныя па адрасе https://youtu.be/UiWPx1F5fto.

Пачатак круглага стала 29 красавіка а 11-й гадзіне ў міжнародным прэс-цэнтры Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (пам. 308). Запрашаем! Тэл. для даведак: 8(017) 293 28 81