Прытулак для аптымізму



Падзеі ў Беларусі не надаюць супакою. Да таго ж працягваецца пандэмія, якая, што праўда, бліжэй да лета відавочна аслабее, як і ў мінулым годзе. Павінна даць пра сябе знаць і масавая вакцынацыя насельніцтва, якая хоць пакуль і квола, але ў Беларусі адбываецца. Граніцы надалей у паўзачыненым стане, з шэрагам абмежаванняў для звычайных грамадзян. Наста Дашкевіч, жонка зняволенага на 20 сутак Змітра Дашкевіча, піша ў фэйсбуку пра нялюдскія ўмовы ўтрымання ў ізалятары Менскага раёна для затрыманых па палітычных прычынах. “У нашай краіне прасцей быць алкаголікам і дэбашырам, чалавекам, які б’е сваю жонку ці заводзіць бойкі ў грамадскіх месцах, чым чалавекам з перакананнямі”, – піша Наста. Жонка палітыка Паўла Севярынца распавяла “Народнай Волі” пра тое, як яна з малым сынам жыве без мужа амаль адзінаццаць месяцаў, пра неверагодную салідарнасць беларусаў і апошнія весткі ад Паўла. Чарговы беларус вымушана пакінуў сваю радзіму. Вось акурат стала вядома, што лідар незалежнага прафсаюза РЭП Васіль Завадскі з’ехаў у Вільню, склаўшы з сябе абавязкі прафсаюзнага лідара. Дзякуючы праграме Poland Business Harbor у Польшчу пераехалі ўжо дзесяць працэнтаў беларускіх ІТ-спецыялістаў і некалькі тысяч прадпрымальнікаў — усяго выдадзена каля дзевяці тысяч віз.

Прачытаўшы вечаровую порцыю навінаў воляю-няволяю паглыбляешся ў песімістычныя настроі і задаешся адвечным пытаннем: “Калі ж усё гэта закончыцца?” Думалі, што з Новага года – але не выйшла. Можа вясна прынясе сонечныя весткі – неяк не атрымалася. Але вось ужо майскія святы “на носе”, і пасля іх можа пабачым якія прасветы? Бо ж за цёмнай жыццёвай паласою абавязкова павінна прыходзіць светлая.

У гэтым віры негатыву і песімізму знайшла я для сябе ўласнае выйсце. Вясковую хату, ката і лугі з бусламі, якія ўжо заўважна ад’еліся пасля зімовых пералётаў, смела шпацыруюць блізка да людзей і не палохае іх ані шум трактара суседа, ані гукі машын з дарогі. Суседскі кот, які прызвычаіўся прыходзіць у госці на ўсялякія прысмакі, пасля наканаванага яму “марцавання” збольшага есць і спіць, усяляючы сваім бесклапотным выглядам нейкі спакой і раўнавагу. І падумала я, што за вялікімі клопатамі заўсёды можна знайсці шматлікія маленькія радасці, кожнаму свае, але якія надаюць нам аптымізму ды ўпэўненасці ў тым, што свет не перакуліўся яшчэ дагары нагамі. Што жыццё ідзе далей і мы рушым разам з ім. І вельмі востра разумееш самае важнае: каб быў дабрабыт у хаце і здароўе ў родных, каб былі побач сябры і добрыя суседзі. А ўжо разам з усім гэтым багажом за спінаю мы абавязкова пераможам.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя