Гародня: Ігара Банцэра шукаюць міліцыянты



Гарадзенскага музыку і палітзняволенага Ігара Банцэра шукаюць міліцыянты.

Ігар здзіўлены тым, што яго пачалі па тэлефоне выклікаць у міліцыю:

– Супрацоўнік міліцыі не назваўся, сказаў, што тэлефануе з Ленінскага РАУСа, каб сказаць, што ў мяне нейкія неаплачаныя штрафы. Я сядзеў у турме і калі выйшаў з турмы ўдакладніў, што ў мяне няма ніякай запазычанасці перад дзяржавай. Тады ён сказаў мне пра забарону пакідаць горад. Спытаў: „Вы ж за мяжу не збіраецеся ехаць?”  Размова была вельмі непрыемная. Ён сказаў, што мне трэба падысці. Я спытаўся, што значыць – падыйсці? А якая прычына?

Па словах Ігара, пасля тэлефанаванняў пад вокнамі памяшкання, дзе ён знаходзіўся,  пачалі з’яўляцца міліцыянты і людзі ў цывільным:

– Пачалі нейкія дзіўныя „спадары” хадзіць пад вокнамі. Прыехала машына з Ленінскага РАУСа. У мяне нібыта нейкі неаплачаны штраф.

Ігар хвалюецца за сваё жыццё і мяркуе, што яго ў любы момант могуць затрымаць.

Нагадаем,  што актывіст і музыка Ігар Банцэр, якога прызналі палітзняволеным, трымаў сухую галадоўку 16 дзён ў гарадзенскай турме, быў выпушчаны дадому пасля абвяшчэння прысуду 19 сакавіка 2021 года. Цяпер ён чакае перагляду справы ў абласным судзе.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня