У Віцебску невядомыя сапсавалі мурал з выявай Марка Шагала



Графіці з партрэтам сусветна вядомага мастака знаходзіцца непадалёк ад арт-цэнтра Марка Шагала. Гэтую выяву вельмі любяць віцябляне і госці горада, тут часта фатаграфуюцца турысты. 

Але цяпер малюнак сапсаваны – нехта запэцкаў яго ружовай фарбай, паведаміла Ірына Воранава, дырэктарка музея Марка Шагала:

– Ружовыя такія палосы і плямы размазаны па гэтым малюнку. Яно не мае нейкага прыхаванага сэнсу, каб можна было казаць пра антысемітызм ці нешта яшчэ. Проста хуліганства. І калі раней было шмат турыстаў, то такое хутчэй заўважалі. А зараз не вядома, колькі дзён таму яно сапсаванае, і ніхто зноў нічога не бачыў.

Графіці з выявай Марка Шагала церпіць ад вандалаў ужо не ўпершыню: год таму невядомыя запэцкалі малюнак шэрай фарбай, таксама скарыстаўшыся балончыкам. Міліцыянты так і не знайшлі вінаватых, хаця апытвалі жыхароў у бліжэйшых дварах. Малюнак вызваўся аднавіць мастак Юрый Дубоўскі, і зрабіў гэта за некалькі дзён. Супрацоўнікі музея і арт-цэнтра Марка Шагала дапамаглі набыць фарбы для рэстаўрацыі.

Малюнак, зроблены паводле фотаздымка Марка Шагала, з’явіўся на будынку трансфарматарнай падстанцыі ў 2015 годзе. Яго аўтары – творчы віцебскі дуэт «StreetSkills». Мастакі Глеб Каштанаў і Ян Кузьмін намалявалі графіці адмыслова ў турыстычным цэнтры горада, паблізу ад арт-цэнтра, дзе праводзіцца шмат культурніцкіх імпрэзаў.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя