Віталь Сямашка: Я дагэтуль успрымаю зону адчужэння як аазіс



Споўнілася 35 гадоў з дня Чарнобыльскай катастрофы, якая так моцна паўплывала на лёсы мільёнаў людзей. Адзін з тых, хто ведае пра яе наступствы не з аповедаў іншых, працаваў пасля катастрофы ў Гомелі, шмат разоў бываў у  Чарнобыльскай зоне. Сённяшні “Госць Рацыі” – журналіст Віталь Сямашка.

РР: Аварыя на ЧАЭС наклала адбітак на вашую творчасць. Вы і матэрыялы рабілі і галоўнае фільм моцны дакументальны зрабілі разам з Юрыем Хашчавацкім.

Віталь Сямашка: Спачатку было Радыё “Ч” на “Беларускай маладзёжнай”. Дарэчы, адзін з матэрыялаў быў вельмі цікавы. Калі былі першыя вандроўкі мае, а я восем тысяч кіламетраў праехаў па зоне, неба кішэла НЛА, я гэта даў у эфір. І ніякіх супярэчанняў не паступіла.

Я знайшоў на зоне абсалютна дзіўнага чалавека – Валодзьку Кандакова. Ён, на жаль, памёр ужо. Ён бомж быў. Стужка да 10-годдзя катастрофы здымалася, і я, калі яго знайшоў, то ён не ведаў, што няма СССР, што няма камуністаў. Ён жыў на зоне, сілкаваўся, пераходзячы з хаты ў хату. Там у многіх хатах заставаліся прыпасы. Цікавейшы чалавек, ён збег ад міліцыі. Ён быў бамжаваты, і калі яго лавілі міліцыянты, яго білі па галаве. А на зоне ён адчуваў свабоду. Вось гэтае галоўнае адчуванне, якое там было, абсалютна дзіўнае. Чаму “Аазіс” стужка называецца, бо там было адчуванне дзіўнай, насычанай, паўнакрэўнай свабоды. Зямля людскога пекла, – бо мы жывем у пекле, і вызваленая зямля ад людскога пекла, свабодная абсалютна, вельмі цікавая, бо ў радыеэкалагічным запаведніку абсалютна мужныя людзі працавалі. Яны і зараз працуюць. І мне дырэктар Палескага радыеэкалагічнага запаведніка сказаў, што ён не хоча з’язджаць з зоны: “Часам, калі сутыкаюся з чыноўнікамі, з бюракратамі, з людскім пеклам, нястачамі і нягодамі, я іду кіламетраў 8 – 10 па зоне, і вяртаюся вольным”.

РР: Сама Чарнобыльская катастрофа і здымкі гэтага фільма як на вас асабіста паўплывалі? Таму што ёсць у жыцці такія кропкі, якія проста пераварочваюць лёс чалавека.

Віталь Сямашка: Я паўтаруся. У мяне надзіва светлае пачуццё ад зоны. Я не магу сказаць, што я люблю зону – гэта смешна гаварыць такія рэчы. Але вось гэтая назва “Аазіс” – яна не выпадковая. Я дагэтуль успрымаю зону як аазіс – трагічны, у нечым жахлівы, адзінокі ад людскога жытла і ад людскога жыцця. Але ў нечым гэта і аазіс у штормах і бурах нашага жахлівага часу.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота: скрыншот са стужкі „Аазіс”