Ціханоўская абмеркавала з прэзідэнтам Польшчы сітуацыю ў Беларусі



Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 28 красавіка абмеркавала па тэлефоне з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам сітуацыю ў Беларусі і ўдзел дэмсілаў у саміце Усходняга партнёрства.

Як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, яна павіншавала прэзідэнта Польшчы і польскі народ з Днём Канстытуцыі, які адзначаецца 3 мая, і падкрэсліла, што народ Беларусі, які быў часткай Рэчы Паспалітай, таксама ганарыцца прыняццем у 1791 годзе першай у Еўропе і другой у свеце Канстытуцыі.

Акрамя таго, Ціханоўская і Дуда закранулі сітуацыю з польскай нацменшасцю ў Беларусі. Дэмлідар асудзіла арышты і абвінавачанні прадстаўнікоў Саюза палякаў Беларусі, а таксама назвала недапушчальным пераслед па нацыянальнай і этнічнай прыкмеце.

Бакі абмеркавалі праграмы для рэпрэсаваных беларусаў, уключаючы тых, каму Польшча дала гуманітарныя візы, прытулак і дапамогу ў медыцынскай рэабілітацыі, а таксама важнасць падтрымкі студэнтаў, навукоўцаў, журналістаў, IT-сектара, беларускай дыяспары ў Польшчы, стыпендыяльнай праграмы Каліноўскага і медыяпраектаў „Белсат”, „Еўрарадыё”, „Радыё Рацыя”. Беларускі палітык выказала надзею, што гэтыя праекты працягнуць існаваць, бо дапамагаюць ствараць сувязі паміж народамі абедзвюх краін.

Ціханоўская і Дуда абмеркавалі будучую інтэграцыю дэмакратычнай Беларусі ў Балтыйска-Чарнаморскі саюз і іншыя важныя рэгіянальныя праекты, такія як Люблінскі трохкутнік, які аб’ядноўвае Польшчу, Украіну і Літву.

Абмяркоўваўся ўдзел беларускіх дэмакратычных сіл у праекце „Усходняе партнёрства” і ў саміце УП, які павінен прайсці сёлета ў Бруселі. Ціханоўская папрасіла Дуду падтрымаць усталяванне двухбаковых кантактаў з кіраўніцтвам краін Усходняга партнёрства — Арменіі, Грузіі, Украіны, Малдовы.

Сярод іншых тэм былі супрацоўніцтва з Польшчай у рамках АБСЕ, Савета па правах чалавека ААН і іншых міжнародных арганізацый па наладжванні перамоў з беларускімі ўладамі і расследаванні „злачынстваў рэжыму супраць беларусаў”, а таксама прыняцце чацвёртага пакета санкцый ЕС і нацыянальныя механізмы, якія дазваляюць Польшчы ўводзіць санкцыі.

20 красавіка Святлана Ціханоўская сустрэлася з паслом Польшчы ў Беларусі Артурам Міхальскім, з якім таксама абмяркоўвала становішча польскай нацменшасці ў Беларусі, падтрымку міжнароднай платформы збору доказаў парушэнняў правоў чалавека ў краіне, магчымасць расследавання злачынстваў беларускага рэжыму ў рамках універсальнай юрысдыкцыі, дапамогу беларусам, якія пераехалі з-за пераносу бізнесу ў Польшчу, і супрацоўніцтва з суседнімі для Беларусі краінамі.

belapan.by