У праваслаўных вернікаў Вялікі, або Чысты чацвер



У праваслаўных вернікаў Вялікі, або Чысты чацвер – у гэты дзень Царква ўзгадвае Тайную вячэру на якой Хрыстос увёў сакрамант Святога Прычасця, здзейсніў абмыванне ног сваіх вучняў. Таксама ўзгадваецца здрада Іуды ды арышт Хрыста.

“Надыйшоў час духоўнага ачышчэння і ўзмоцненай малітвы”, – адзначае святар Аляксандр Лаўрыненка:

– Праца і змаганне – гэта праца над сабой, над тым, каб ачысціць сябе ад грахоў, ад тых слабасцяў, якія ёсць у душы чалавека. І змагацца са спакусай ад Лукавага, каб яму супрацьстаяць.

Па народнай традыцыі, ў апошні чацвер перад Вялікаднем абавязкова наводзілі чысціню: прыбіралі ў хаце і на падворку, мыліся. Вернікі лічаць, што ў гэты дзень вада валодае адмысловымі ўласцівасцямі, здольнымі ачысціць дух і аздаравіць цела. Але паводле царкоўнага статуту, галоўнае клапаціцца пра ўнутраную чысціню, каб сустрэць вялікае свята са светлымі думкамі і шчырым сэрцам.

Беларускае Радыё Рацыя