Вышываны радавод



Сямейную рэліквію – вышываны радавод  – зрабіў за чатыры месяцы разам з сынам Язэп Квач з вёскі Жукоўшчына, што ў Шаркоўшчынскім раёне. Як кажа Язэп Квач,  ідэя ўзнікла тады, калі сыну далі заданне ў школе зрабіць радавод. Захацелася стварыць штосьці арыгінальнае. Зрабілі вышываны радавод і ўклалі ў яго ўсю душу.

Тут уся Беларусь – магутнае дрэва дуб, крона яго – гэта абрысы Беларусі. А ўсе нашыя продкі ў выглядзе лісцікаў. Звычайна робяць так, што продкі ўнізе – карэнне, якое нас трымае. А мы зрабілі наадварот: нашыя продкі – гэта лісточкі, якія бліжэй да неба; а карані, якія нас будуць трымаюць, – гэта дзеці. На  дрэве ёсць гняздо бусла, як рамантызм нашага Караткевіча – «Зямля пад белымі крыламі». Тут нашыя нацыянальныя святыні: Пагоня, бел-чырвона-белы сцяг, крыж Еўфрасінні Полацкай, беларускі арнамент і надпіс з Бібліі: «Шануй бацьку твайго і маці тваю, каб падоўжыліся дні твае на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе».

Язэп Квач працаваў настаўнікам у Жукоўшчыне. Цяпер працуе сацыяльным работнікам, бо школу зачынілі. У акрузе яго яшчэ добра ведаюць як краязнаўцу, этнографа, паэта і музыку.

2015-03-12_smotkina_kvach_radavod_1

2015-03-12_smotkina_kvach_radavod_2

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі