Журналістам-фрылансерам з Гомеля патэлефанавалі са Следчага камітэта



Журналістам-фрылансерам з Гомеля Міколу Бянько і Юліі Сівец, якія супрацоўнічаюць з нашым радыё, сёння патэлефанавалі са Следчага камітэта. Але шукалі зусім не журналістаў, – распавядае акалічнасці тэлефанавання са следчых органаў Мікола Бянько:

– Раніцай на жончын нумар тэлефона пазваніў невядомы. Я ўзяў слухаўку, бо каля тэлефона сядзеў. Чалавек з таго боку сказаў, што нібыта са Следчага камітэта і шукае ці то Станіславу Дзмітрыеўну ці Станіслава Дзмітрыевіча.  Гэтыя ініцыялы супадаюць з ініцыяламі маці маёй жонкі. Я адразу папрасіў чалавека прадставіцца, паколькі ён нібыта працуе ў Гомельскім гарадскім аддзеле. Ён назваў дадзеныя свае. Я потым іх праверыў у інтэрнэце, сапраўды, такі чалавек ёсць.

Па словах Міколы Бянько, у яго ёсць дзве версіі таго, што адбываецца, не выключае ён і крымінальнай справы:

– Звычайны тэрор супраць журналістаў, ініцыяваны якой-небудзь сілавой структурай. У Беларусі ўвогуле стала няпроста жыць людзям, якія мысляць інакш. А калі працуюць, робяць нешта – то гэта ўвогуле складана. І другая версія, што ёсць нейкая крымінальная справа, па якой яны пачынаюць людзей розных выклікаць. Што гэта за канкрэтная справа, мы дазнаемся, магчыма, неўзабаве.

Нагадаю, падчас і пасля выбараў у Беларусі ўзмацніўся ціск на незалежных журналістаў. Па дадзеных Беларускай асацыяцыі журналістаў, за кратамі зараз знаходзяцца 12 прадстаўнікоў СМІ.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя