Вячаслаў Сіўчык: Ермаловіч заўжды змагаўся з камуністычнай імперскай навалаччу



У дзень сотых угодкаў Міколы Ермаловіча пра яго згадвае вядомы беларускі палітык Вячаслаў Сіўчык:

„Мікола Ермаловіч – гэта беларускі нацыяналіст, які ўсё сваё жыццё свядома ахвяраваўся для Нацыі. Калі ішлі падзеі 90-ых гадоў у Менску, паміж масавымі шэсцямі, на акцыях, дзе людзей была няшмат, а магчымыя былі жорсткія сутыкненні (такія акцыі часцяком былі ў 1996-98 гадах), я абавязкова прасіў кагосьці з жанчынаў, каб апекаваліся спадаром Міколам ды вывелі яго з-пад брутальных атакаў спецназу. У час, калі тыя, хто мог і абавязаны быў біцца з антыбеларускай уладай, знаходзілі магчымасці для самаапраўдання. Таму і прасіў жанчынаў, бо мужчыну не паслухаўся б у такой сітуацыі Мікола Іванавіч. Я гэта ведаў. І ведаў, колькі яму гадоў і які ў яго зрок. Сталы чалавек, які ў дзяцінстве амаль згубіў зрок, заўжды выходзіў на акцыі ў абарону Беларусі і беларусаў. Кожны, хто бачыў Мікалая Іванавіча ў бібліятэцы, мог пераканацца, што яго праца – подзвіг. Ды і ўсё жыццё – подзвіг. Не забудуся, як ішла пагалоска паміж беларускай моладдзю ў 1988 годзе: „Ермаловіч раскідваў улёткі Пазьняка яшчэ ў 60–ыя гады.” Бо міфы ствараюцца пра выбітных асобаў. У тым ліку і пра аўтара кнігі „Па слядах аднаго міфа”, якая адыграла значную ролю ў Беларускім Адраджэнні канца 80-ых. Мікола Ермаловіч заўжды змагаўся з камуністычнай імперскай навалаччу і словам, і справай. У тыя часы, калі ўсе баяліся. І ў тыя часы, калі ўжо баяліся не ўсе.

Заўжды не хапала ваяроў Беларусі ХХ ст. Яны заўжды былі. Іх было шмат. Але, не хапала для перамогі. Мо таму і ёсць у творах Караткевіча постаць Чорнага Войны – інсургента, які не склаў зброю пасля паўстання 1831 да Паўстання Кастуся Каліноўскага, як сімвал ня толькі спрадвечнай беларускай мужнасці і ўпартасці, але і як напамін, што нельга спыняцца нават у часы рэпрэсій. Мікола Ермаловіч ніколі не спыняўся і не скараўся перад ворагамі Беларускай Нацыі.

І гістарычную Літву ён бачыў, як беларускі нацыяналіст. Як беларускую гісторыю. Як беларускую дзяржаву. Як вельмі важны перыяд жыцця Беларускай Нацыі.

Беларусь – гэта святое!

Спадзяюся прыйдзе яшчэ час, калі кожны беларус будзе ганарыцца поспехамі дзяржавы Беларусь. Краіна, якая мае гонар называцца Беларусь. І якую сёння знявечвае і запалохвае банда.

Але, мы так яшчэ далёка ў руху да Беларусі. Ды трэба ісці і нельга спыняцца. Трэба ісці адвечным Беларускім Шляхам! Дзе жыццё такіх вялікіх людзей, як Мікола Ермаловіч, як ясныя зоркі, якія змагаюцца з чужацкай цямрэччу.

А як жа Літва? Запытваўся ў свой час я ў Міколы Ермаловіча. „Вячаслаў, гэта супольнасць, як казакі ва Украіне, – „Літва прыйшла”. Гэта – беларуская дзяржава ВКЛ, дзе былі Вялікія Князі Літоўскія, якія паходзілі з Полацака, а пачыналі стварэнне Вялікага Княства з першай сталіцы – Навагарадка. Каб пасля сталіцай зрабіць Вільню”.

На пешаходным пераездзе менскай вуліцы быў забіты Мікола Ермаловіч. Мы памятаем!..”  

Беларускае Радыё Рацыя