У дачыненні да Андрэя Шарэнды пачатая крымінальная справа за абразу прэзідэнта
У дачыненні да берасцейскага актывіста Андрэя Шарэнды пачатая крымінальная справа на падставе артыкула аб публічнай абразе прэзідэнта, паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры.
„Пракуратура Брэсцкай вобласці падчас маніторынгу інфармацыі, якая размяшчаецца ў сетцы інтэрнэт, устанавіла, што на адным з рэсурсаў 29 сакавіка 2021 года размешчанае інтэрв’ю, у якім ад імя мясцовага актывіста Андрэя Шарэнды ўтрымліваюцца заклікі да пратэстаў, а таксама фармулёўкі і выразы, што публічна абражаюць прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, — гаворыцца ў паведамленні.
Пракуратура накіравала інфармацыю для правядзення праверкі. Паводле яе вынікаў Брэсцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта па факце публічнай абразы кіраўніка дзяржавы распачаў і расследуе справу паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.
Як адзначае праваабарончы сайт spring96.org, раней у дачыненні да Шарэнды была распачатая крымінальная справа паводле арт. 361 (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). 17 красавіка дома ў Шарэнды прайшоў вобшук, падчас якога канфіскавалі тэхніку.
Жонка актывіста Паліна Шарэнда-Панасюк з 3 студзеня знаходзіцца ў СІЗА. Яе абвінавачваюць у гвалце ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі (арт. 364 КК, максімальнае пакаранне — шэсць гадоў пазбаўлення волі).
У сямейнай пары двое дзяцей чатырох і адзінаццаці гадоў.