Мабільны пункт вакцынацыі ад каронавіруса пачынае працу ў Лідзе
Мабільны пункт размясціўся ў адным з самых папулярных і наведвальных жыхарамі горада і раёна месцаў — гіпермаркеце па вуліцы Чырвонаармейскай. Пункт абсталяваны ўсім неабходным, у тым ліку маразільнай камерай для захоўвання вакцыны.
«Зрабіць прышчэпку на пункце можна бясплатна і ў парадку жывой чаргі. Пры сабе неабходна мець дакумент, які сведчыць асобу. Перад працэдурай кожнага пацыента аглядае тэрапеўт», — распавялі ў Лідскай ЦРБ. Жадаючы прышчапіцца павінен быць старэйшым за 18 гадоў, не мець супрацьпаказанняў. Нагадваюць медыкі аб тым, што вакцына двухкампанентная, таму важна атрымаць другі кампанент менавіта на гэтым пункце.
«Стварэнне прышчэпачных цэнтраў у грамадскіх месцах — сусветная практыка. Дазваляе знізіць рызыку кантакту з хворымі на базе медустаноў», — распавялі медыкі.
Працаваць пункт пры наяўнасці вакцыны будзе штодня, акрамя святочных дзён. У будні прышчэпку можна будзе атрымаць з 16.00 да 20.00, у выхадныя — з 11.00 да 15.00.
Кампанія па вакцынацыі ад каранавіруса ў Лідскім раёне ідзе актыўна. Прышчэпкі можна зрабіць у паліклініках і амбулаторыях Ліды, у Бярозаўскай гарадской бальніцы і нават у сельскай мясцовасці: прышчэпачны пункт арганізаваны ў Дзітвянскай медычнай амбулаторыі. Таксама працягваецца практыка выезду брыгад на буйныя прадпрыемствы для вакцынацыі супрацоўнікаў.