Амелянецкую беларускамоўную школу закрыюць (абноўлена)
Настаўнік геаграфіі Павел Кендысь распавёў пра змест звароту з нагоды ліквідацыі апошняй сярэдняй беларускамоўнай школы Камянецкага раёна.
Склаў ён яго з некалькіх пытанняў, адразу пасля прыезду дэлегацыі чыноўнікаў у Амелянец, якія, паводле ягоных словаў, агучылі планы па закрыцці школы:
– Першае, я папрасіў даслаць мне копію пратаколаў гэтых сходаў. Потым я папрасіў азнаёміць мяне або даслаць мне пастанаўленне, паводле якога Амелянецкая школа ўжо ў наступным годзе не будзе функцыяваць. І прасіў растлумачыць мне, чаму падвоз дзяцей у выпадку закрыцця Амелянецкай школы плануецца менавіта ў Пагранічную. Якім нарматыўным актам прадугледжана і г.д. Атрымаў адказ, па электроннай пошце мне прыйшла папера, дзе вельмі гладка ўсё сказана. Практычна я на сваё пытанне адказу не атрымаў. Вось і ўсё.
Інфармацыя пра тое што ў наступным навучальным годзе апошняя сярэдняя беларускамоўная школа ў Камянецкім раёне будзе закрыта з’явілася днямі ў недзяржаўных сродках масавай інфармацыі. Гаворкі па ліквідацыі навучальнай установы вяліся ўжо не першы год, аднак раней школу ўдавалася адстаяць.
Беларускае Радыё Рацыя
***
Такую выснову робяць мясцовыя жыхары з адказу чыноўніка на зварот настаўніка згаданай школы Паўла Кендыся з нагоды яе мажлівай ліквідацыі:
– Настаўнікі, вучні і іх бацькі – усе зацікаўлены ў тым, каб школа працавала ў штатным рэжыме. Таму што закрыццё школы прывядзе да заняпаду вёскі Амелянец і тых населеных пунктаў, якія знаходзяцца побач.
– Я хадзіў у Чарнаўчыцах, а тут працаваў у школе. Кажуць, што будуць закрываць, канешне, дрэнна. Сыдзе школа, зойдзе садок, сыдзе садок – закрыецца клуб, закрыецца клуб – закрыецца пошта. Усё, на гэтым канец.
З тэкстам адказу начальніка аддзела па адукацыі Камянецкага райвыканкама Віктара Грыцука на зварот Паўла Кендыся можна азнаёміцца на нашым сайце.
Беларускае Радыё Рацыя