Менчука арыштавалі за чырвона-белыя налепкі на акне ў выглядзе аблокаў, цюльпанаў і рамонкаў



Суд Фрунзенскага раёна Менска 29 красавіка пакараў 13 суткамі арышту 40-гадовага Дзяніса Музыкіна за налепкі на вокнах яго кватэры ў выглядзе аблокаў, цюльпанаў і рамонкаў бел-чырвона-белага колеру.

Як паведамляе тэлеграм-канал „Вясна” назірае”, Музыкін быў затрыманы 28 красавіка супрацоўнікамі Фрунзенскага РУУС. На яго склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

Згодна з пратаколам, мужчына „прыняў удзел у пікетаванні шляхам размяшчэння на акне налепак у выглядзе аблокаў, цюльпанаў і рамонкаў бел-чырвона-белай расфарбоўкі, якія формаўтвараюць БЧБ-сцяг, а таксама вывесіўшы на балконе ручнікі бел-чырвона-белага колеру для дэманстрацыі грамадзянам сваіх палітычных інтарэсаў”.

Сам затрыманы сцвярджаў, што на акне пастаянна закрытыя жалюзі, таму налепак не відаць, і вісяць яны асабіста для яго.

Суддзя Марыя Ярохіна прызнала Музыкіна вінаватым па ч. 1 арт. 24.23 КоАП і арыштавала на 13 сутак.

БелаПАН