Уршуля Шубзда: У Залуках дзеці вывучаюць беларускую мову



У пачатковай школе ў вёсцы Залукі на Падляшшы ўсяго каля паўсотні дзетак, але ўсе яны вывучаюць беларускую мову.

Як кажа настаўніца беларускай мовы Уршуля Шубзда, сёлета вырашылі паўдзельнічаць у конкурсе ў межах праграмы “Адукацыя. Інспірацыя” і атрымалася выйграць са сваім праектам, падчас якога вучні рыхтуюць размовы з цікавымі людзьмі са свайго наваколля:

– Цешуся, што нам удалося прыняць удзел у гэтым праекце. У межах праекту “Што чуваць за плотам?” дзеці перш за ўсё маюць пазнаёміцца з цікавымі дзеячамі культуры, мясцовымі актывістамі. Мэта ёсць такая, каб яны ўсведамлялі сабе, што тая мова, якую яны вывучаюць у школе, гэта тая самая мова, якую яны чуюць у хаце: ад бабуляў, дзядуляў ці ад бацькоў.

Уршуля Шубзда вельмі шкадуе, што цяпер няма магчымасці ладзіць для дзяцей экскурсіі, у тым ліку ў Беларусь. Раней разам са сваімі вучнямі яна наведала Гародню і Берасце і кажа, што дзецям вельмі падабалася:

– Я вельмі хачу, каб была ў будучыні такая магчымасць, каб ездзіць з дзецьмі і паказваць ім цікавыя месцы ў Беларусі, бо такіх шмат, а мы пакуль былі толькі ў Гародні і Берасці. Гэта таксама ёсць цікавы досвед для мяне, бо можна паглядзець зусім іначай на тыя месцы, якія ты ўжо наведваў не аднойчы, можна паглядзець на іх вачыма дзяцей, якія сапраўды ёсць жыва захопленыя, ім вельмі падабалася Беларусь.

Пачатковая школа ў Залуках раней была дзяржаўнай, але ў 2008 годзе ўлады вырашылі яе зачыніць. З гэтым не пагадзіліся мясцовыя жыхары, якія ўзяліся за справу, стварылі таварыства і такім чынам паўстала непублічная пачатковая школа, у якой дзеці вывучаюць мову нацыянальнай меншасці – беларускую мову.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя