Свята святла…



У праваслаўных беларусаў ідзе апошні тыдзень Вялікага посту, апошні тыдзень перад святам Вялікадня… І нават калі ты не самы шчыры і адказны вернік, то ўсё роўна адчуваеш свята, рыхтуешся да яго разам са сваёй сям’ёй і згадваеш традыцыі…

Гэта важны перыяд… Час засяродзіцца на нечым сваім, падумаць пра сябе, іншых людзей, сваё месца сярод людзей і падзей. Бадай, найбольш радасна Вялікдзень успрымаюць дзеці! Шчасціць тым, хто мае бабуляў, якія ўпрыгожаць вербачкі, нарыхтуюць прысмакаў ды збяруць сям’ю разам за святочным сталом. Яшчэ важней задзейнічаць дзяцей у святочных падрыхтаваннях, фарбаванні яек і выпечцы булак… Паглядзець разам старыя фота і добрае кіно. Гэта на ўсё жыццё запамінаецца… У прыватнасці, я цудоўна памятаю, як апошні раз прабабуля пазвала нас на свята пячы велікодныя пірагі ў вялікай печы, – гэта быў своеасаблівы развітальны майстар-клас нашай бабы Сцефаніды, захавальніцы традыцый вялікай некалі сям’і.

У кожнай сям’і – свае гісторыі, свае радасці і засмучэнні… Але мы не ведаем, ці шмат часу маем на святы і будні. То вельмі балюча ад таго, што многія сем’і цяпер падзеленыя не па сваёй волі: хтосьці з’ехаў за мяжу, а хтосьці сеў у турму. Палітычныя вязні, палітычныя звальненні, палітычны пераслед. Не ўсе радуюцца таму, што маюць і пачынаюць спрачацца з бацькамі, дзецьмі, суседзямі ды злавацца на іх з-за дробязей… А хтосьці радуецца таму, што мае, шануе гэта, але не можа быць побач з роднымі і сябрамі. Тым часам усе мы разам ляцім да зораў. З рознымі марамі і настроямі. Зорам усё адно, а людзям?

Беражыце сябе і сваіх блізкіх.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ