Ад Ананіч нічога не залежыць



Журналісты-фрылансеры застаюцца ў Беларусі па-за законам. Калі ў краінах Еўропы журналіст, які не працуе на пэўны сродак масавай інфармацыі, мае такія ж правы, як і іншыя яго калегі, то ў нашай краіне яго пераследуюць, у тым ліку ў судовым парадку. Сітуацыю ўскладняе і той факт, што сёлета пройдуць прэзідэнцкія выбары, і ўлады традыцыйна «завінчваюць гайкі».

Днямі Прэзідэнт Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Могенс Бліхер Б’еррэгард накіраваў зварот да міністра інфармацыі Беларусі Ліліі Ананіч. Ён заклікае распачаць дыялог пра ўвядзенне статусу журналіста-фрылансера ў беларускае заканадаўства, і таксама запрашае спадарыню Ананіч наведаць галоўны офіс федэрацыі ў Бруселі дзеля абмеркавання сучаснай практыкі фрыланс-журналістыкі ў Еўропе.

Кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі прыгадвае, што Беларуская Асацыяцыя Журналістаў ужо не першы год «б’е ў званы» і з трывогай кажа пра гэтую праблему:

Даволі вялікая група журналістаў у Беларусі зведвае дыскамфорт, зведвае пераслед, на іх распачынаюць адміністрацыйныя справы. Вось свежы прыклад – прысуд у выглядзе штрафу гомельскай журналістцы Ларысе Шчыраковай за сюжэт для тэлеканалу «Белсат». Церпяць журналісты канкрэтна, і выглядае гэты пераслед сістэматычным і скаардынаваным, то бок не лянуюцца адпаведныя органы і службоўцы адсочваць сюжэты на сайтах, сабіраць «доказную базу». І сапраўды людзі вымушаны працаваць у такім нефармальным, паўпадпольным статусе, але гэта паводле беларускага заканадаўства, вось гэтай рэпрэсіўна-нарматыўнай базы, якая абсалютна не адпавядае міжнародным стандартам свабоды слова і стандартам дзейнасці журналістаў.

«Ва ўсім дэмакратычным свеце фрылансерства – гэта паважанае і легальнае рамяство, калі чалавек плоціць падаткі, то іншай ніякай прэтэнзіі яму не варта закідаць»,  – дадае эксперт.

Гэта ж падкрэслівае і дырэктарка незалежнага беларускага тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы:

Так, у Польшчы, зразумела, гэта ёсць нармальны спосаб працы, калі казаць пра фрыланс-журналістыку. І на гэты момант вельмі пашыраны, у тым ліку і з увагі на эканамічныя чыннікі. Часта рэдакцыі абапіраюцца на такіх журналістаў, і гэта норма, якая дзейнічае далёка не ў адной краіне, насамрэч гэта ёсць норма цывілізаванага свету. Так што, гледзячы на беларускую практыку, я не ўпэўнена, што тут размова ідзе толькі пра фрылансераў, праблема палягае ўвогуле ў супрацы з медыямі, якія не адпавядаюць уладам. І мушу сказаць, што гэта вельмі трывожны факт, хоць лічу сітуацыю абсурднай.

РР: Многія эксперты і праваабаронцы адзначаюць, што ў год прэзідэнцкіх выбараў гэты ціск на журналістаў можа толькі ўзмацніцца…

– Сапраўды, кожныя выбары ў Беларусі выклікаюць узмацненне рэпрэсій. Хоць гэта не зразумела, бо і так сапраўдных выбараў няма, і пра гэта ўсе ведаюць. Таму не ведаю, навошта Лукашэнку пераследаваць журналістаў, хоць ён і так не мае шанцаў прайграць гэтыя выбары. Таму не ведаю, навошта ўсё гэта.

Аляксандр Класкоўскі звяртае ўвагу на палітычны аспект гэтага пытання, бо беларуская дзяржава сама па сабе не дэмакратычная, і для яе незалежная журналістыка і свабода слова – гэта рэчы, якія апрыёры выклікаюць напружанне. «Іначай кажучы, улады ўсё спрабуюць трымаць пад каўпаком, і таму працуе рэпрэсіўны рэжым і штампуюцца прысуды»:

– Многія журналісты і рэдакцыі звярталіся па акрэдытацыю ў Міністэрства замежных спраў, але чыноўнікі ўвесь час адмаўляюць. То бок журналісты-фрылансеры – гэта не нейкія там зламыснікі, а людзі, якія не могуць легалізаваць сваю працу і разам з тым, ім трэба працаваць, зарабляць кавалак свайго хлеба і рэалізоўваць сваё права на распаўсюд інфармацыі, як гэта запісана ў многіх заканадаўчых, у тым ліку міжнародных дакументах. Але палітычная мэтазгоднасць дамінуе, і рэпрэсіўная практыца доўжыцца. А паедзе Лілія Ананіч у Брусель ці не, і так вырашэнне гэтай праблемы не ад яе залежыць.

Адным з лідараў па колькасці зваротаў у Міністэрства замежных спраў Беларусі па акрэдытацыю з’яўляецца гарадзенскі журналіст Вітаўт Парфёненка. Ён атрымаў сем адмоваў з МЗС-у, а цяпер спрабуе дамагчыся сваёй рацыі праз суд. Журналіст патлумачыў сваю прынцыповую пазіцыю ў гэтым пытанні:

Прынцыповая пазіцыя палягае ў перакананасці ў сваёй праваце. Калі чалавек лічыць, што ягоныя думкі і дзеянні адпавядаюць праўдзе і маралі, то які сэнс хавацца ў пясок. Зыходзячы з гэтага, для мяне, як журналіста, каля буду акрэдытаваны, а нават калі і не буду акрэдытаваны, гэтае права застаецца – несьці дабро, несьці праўду. Без патасу, зразумела. Наша задача палягае ў тым, каб вольна распаўсюджваць інфармацыю, гэта запісана і ў Канстытуцыі.

«Тое, што зараз адбываецца з фрылансерамі, мы лічым сапраўднай кампаніяй ціску на іх», – адзначае прэс-сакратар Беларускай Асацыяцыі Журналістаў Барыс Гарэцкі:

Улады распачалі гэтую кампанію ў мінулым годзе, калі было заведзена 14 адміністрацыйных справаў, і паспяхова працягваюць гэтую кампанію і сёлета. Мы на сённяшні дзень маем ужо чатыры адміністрацыйных прысуда, і бачна, што махавік гэтых рэпрэсій толькі раскручваецца. Складаюцца новыя пратаколы, людзей выклікаюць у міліцыі, у суды. Гэта відавочныя парушэнні, бо паводле Канстытуцыі, кожны грамадзянін мае права збіраць, захоўваць і распаўсюджваць інфармацыю. І, безумоўна, мы адстойваем правы журналістаў на іх прафесійную дзейнасць. БАЖ усімі сіламі дапамагае, у тым ліку юрыдычная дапамога аказваецца. Пакуль паляпшэння не бачна наперадзе, магчыма, афіцыйны Менск мусіць быць зацікаўлены ў нейкіх кроках ці прэферэнцыях у дачыненні да сябе. Каб змянілася сітуацыя, магчыма, афіцыйны Менск павінен бачыць нейкую выгаду для сябе ў вырашэнні гэтай сітуацыі.

Кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі звяртае ўвагу яшчэ на адну тэндэнцыю:

– У сённяшняй сітуацыі, калі афіцыйны Менск зацікаўлены ў размарожванні сітуацыі з захадам, у галовах чыноўнікаў змагаюцца дзве тэндэнцыі. З аднаго боку – душыць усё, што не паддаецца ўладам і не падлягае кантролю, а з іншага боку – не перагібаць кій і рабіць нязначныя паслабленні. Так што вось такі трэнд таксама назіраецца, але я не бачу тут вялікіх перспектываў, і думаю, што да прэзідэнцкіх выбараў у пытанні палітыкі ў сферы СМІ наўрадці будуць нейкія паслабленні.

Адметна, што ў законе РБ «Аб сродках масавай інфармацыі» тэрмін «журналіст» адсутнічае, замест яго выкарыстоўваецца больш вузкі панятак «журналіст сродкаў масавай інфармацыі». Як адзначаецца ў тэксце звароту Прэзідэнта Еўрапейскай федэрацыі журналістаў да міністра інфармацыі Ліліі Ананіч, «на практыцы гэта прыводзіць да адміністрацыйнага ціску і перашкодаў журналістам-фрылансерам».

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя