У Кіеве адпусцілі пад хатні арышт абвінавачанага ў забойстве Шарамета
Суд адпусціў пад кругласутачны хатні арышт ваеннага музыканта Андрэя Антоненку, які абвінавачваецца ў забойстве журналіста Паўла Шарамета.
Пра гэта паведамляе «Украінская праўда» са спасылкай на Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева.
Мужчыну таксама абавязалі насіць электронны сродак кантролю — бранзалет.
Змяніць меру стрымання прасіла абарона Антоненка.
Пракурор не выступіў супраць гэтага і сказаў, што згаджаецца з меркаваннем суда.
Пры гэтым ён лічыў, што рызыкі хавання Антоненкі ад суда або ціску на іншых удзельнікаў справы застаюцца. На думку пракурора, кругласутачны хатні арышт з электронным бранзалетам можа забяспечыць належныя паводзіны абвінавачанага.
Адвакаты прасілі адпусціць музыканта пад асабістае абавязацельства. Яны казалі, у прыватнасці, што справа разглядаецца даволі хутка, аднак „па аб’ектыўных прычынах гэта немагчыма зрабіць дастаткова хутка, каб быў забяспечаны прынцып бесперапыннасці”.
Некалькі народныя дэпутаты таксама хацелі ўзяць Антоненку на парукі.
Абарона рэгулярна прасіла змякчыць меру стрымання Антоненку, аднак раней пракуратура пярэчыла супраць гэтага, і суд пакідаў музыканта ў СІЗА. Яго трымалі пад арыштам са снежня 2019 года.
Яшчэ адна абвінавачаная — лекар Юлія Кузьменка — спачатку таксама знаходзілася ў следчым ізалятары. Суд адпусціў яе пад хатні арышт 11 жніўня.
Трэцяй фігурантцы справы — медсястры Яне Дугар — прызначаная мера стрымання ў выглядзе закладу.
Сам Андрэй Антоненка заявіў, што змяненне меры стрымання з’яўляецца „маленькай перамогай” і падзякаваў усім, хто яго падтрымліваў і дапамагаў.
Адзін з кіраўнікоў „Украінскай праўды”, беларускі журналіст Павел Шарамет загінуў ад выбуху раніцай 20 ліпеня 2016 года. Яму падклалі ўзрыўчатку пад аўтамабіль.
12 снежня 2019 года праваахоўнікі паведамілі, што затрымалі траіх падазраваных у забойстве: лекара і валанцёра Юлію Кузьменка, музыканта Андрэя Антоненку, ваенную медсястру Яну Дугар.
22 траўня 2020 года следства па справе меркаваных выканаўцаў забойства было завершана. Расследаванне адносна заказчыкаў выдзелена ў іншую справу і працягваецца.
Усе затрыманыя адмаўляюць сваё дачыненне да злачынства і называюць пераслед палітычным. Абарона Антоненкі сцвярджала, што ён вышэйшы за забойцу. Адвакаты Дугар настойвалі, што ў яе ёсць алібі, пацверджанае дакументамі і сведкамі, а экспертыза, на якой грунтуецца падазрэнне, няпоўная і неаб’ектыўная. Кузьменка таксама крытыкавала экспертызу.