Выйшлі новыя ролікі ў праекце „Знакамітыя беларусы”



Два новыя ролікі пра знакамітых беларусаў прэзентавала студыя Haroshak.by. Гэтым разам героямі сталі Пане Каханку (Караль Станіслаў Радзівіл) і Якуб Наркевіч-Ёдка.

«Пане Каханку адзін з самых знакамітых прадстаўнікоў роду Радзівілаў. Несусветнае багацце (самы заможны магнат у Рэчы Паспалітай) дазваляла вычварацца на ўсе лады: катацца на солі, страляць у людзей, ладзіць марскія пабоішчы каля палаца…» — пішуць стваральнікі 7-хвіліннага відэа пра героя народных анекдотаў.

Ролік найперш прысвечаны якраз легендам, якія засталіся пасля кіпучай жыццядзейнасці Радзівіла:

Якуб Наркевіч-Ёдка — адзін з самых вядомых навукоўцаў ХІХ стагоддзя, і не толькі ў Беларусі:

«Не было такой газеты, якая б пра яго не пісала. Эксперыменты з электрычнасцю ён паказваў па ўсёй Еўропе, а ў Парыжы пра яго выдалі кнігу. На выставы электраграфіі Наркевіча-Ёдкі (больш за 1500 здымкаў) хадзілі натоўпамі. Ён вынайшаў лізіметр, градаадвод і апарат, які стаў прататыпам сучаснага радыё».

Студыя Haroshak.by некамерцыйная і працуе з 2017 года. Галоўныя праекты — падарожжы «Ногі ў рукі» і адукацыйныя ролікі «Знакамітыя беларусы» (выйшлі тры сезоны — больш за 100 асобаў беларускай гісторыі розных часоў, ад Рагвалода да Рыгора Барадуліна).

budzma.by