Ілля Івашка выйшаў у паўфінал тэніснага турніру ў Мюнхене



Беларускі тэнісіст Ілля Івашка прабіўся ў паўфінал турніру катэгорыі АТР-250 у нямецкім Мюнхене з прызавым фондам 419,5 тысяч еўра. У чвэрцьфінальным паядынку беларус перамог шостую ракетку планеты прадстаўніка Нямеччыны Аляксандра Зверава – 6:7 (5: 7), 7:5, 6:3. Матч працягваўся 2 гадзіны 35 хвілін. Наступным супернікам Іллі Івашка будзе яшчэ адзін нямецкі тэнісіст Ян-Ленард Штруф, які мае 44-е месца ў сусветным рэйтынгу.

 

„Рух” перамог „Славію” ў матчы футбольнага чэмпіянату Беларусі

На футбольным чэмпіянаце Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі сёння, 1 траўня, праходзяць чарговыя сустрэчы 7-га тура. У першым паядынку гульнявога дня берасцейскі „Рух” прымаў на сваім полі мазырскую „Славію” і выйграў з лікам 2:1. У складзе гаспадароў вызначыліся Філіп Ёвіч і Габі Кікі, у мазыран мяч забіў Максім Слюсар. Футбалісты менскага „Дынама” абыгралі „Энергетык-БДУ” з лікам 2:0 у сталічным дэрбі. Гаспадары забілі па голу ў кожным тайме – спачатку вызначыўся Жан Марэль По, а потым яго поспех паўтарыў Аблаеў Мбенге. „Віцебск” і „Гомель” разышліся без забітых галоў. «Паўночнікі» не забілі ў шасці з сямі матчаў сезона. Пры гэтым каманда Яўгена Чарнухіна ў сямі сустрэчах прапусціла толькі адзін гол.

 

«Саўтгэмптан» і «Лестэр» згулялі ўнічыю ў стартавым матчы 34-га тура АПЛ

У Саўтгемптане прайшоў стартавы матч 34-га тура англійскай Прэм’ер-лігі «Саўтгэмптан» – «Лестэр Сіці». Сустрэча завяршылася ўнічыю – 1:1. На 10-й хвіліне абаронца гаспадароў Янік Вестэргор адзначыўся фолам апошняй надзеі, за што атрымаў прамую чырвоную картку. 28-гадовы датчанін паблізу ўласнай штрафной збіў Джэймі Вардзі, спрабуючы перапыніць выхад адзін на адзін. Лік быў адкрыты на 61-й хвіліне – паўабаронца «святых» Сцюарт Армстранг адкрыўся на пас са штрафнога і прабіў з ходу, мяч трапіў у руку нападніка гасцей Келечы Іхеанача, за што суддзя, вытрымаўшы паўзу, прызначыў пенальці. Паўабаронца і капітан «Саўтгемптана» Джэймс Уорд-Праус упэўнена рэалізаваў адзінаццаціметровы. «Лестэр» адыграўся на 68-й хвіліне – абаронца Джоні Эванс, які затрымаўся ў чужой штрафной пасля розыгрышу кутавога, выйграў барацьбу на другім паверсе і дакладна прабіў галавой. Падначаленыя Брэндана Роджэрса ў 34 матчах набралі 63 ачкі і займаюць трэцяе месца ў турнірнай табліцы англійскай Прэм’ер-лігі.

 

Алег Явенка працягне кар’еру ў „Спартаку”

Алег Явенка працягне кар’еру ў маскоўскім „Спартаку”. „Спартак” дамовіўся аб кантракце з двухмятровым 30-гадовым беларускім абаронцам „Трактара”. Хутка аб падпісанні будзе абвешчана афіцыйна, паведамляе „Хакей без гледачоў”. У мінулым сезоне Явенка правёў за „Трактар” 41 матч у „рэгулярцы” і набраў 2 (0 + 2) ачкі пры каэфіцыенце карыснасці „0”. У плей-оф Алег адыграў дзве сустрэчы.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя