Андрэй Палуда: Стала вядома пра памілаванне братоў Косцевых



Памілаванне так званых «смяротнікаў», другое ў гісторыі Беларусі. Каардынатару кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэю Палудзе стала вядома пра памілаванне братоў Косцевых. Пра гэта яму распавялі родныя асуджаных. 30 красавіка сваякі асуджаных да смяротнага пакарання Іллі і Станіслава Косцевых спрабавалі перадаць ім перадачу ў СІЗА-1. Аднак дзяжурны ў іх перадачу не прыняў, сказаў, што наконт асуджаных прыйшла папера аб памілаванні з адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Пракаментаваў у нашым эфіры Андрэй Палуда:

– Гэтая інфармацыя сталася ў пэўнай ступені такой сенсацыяй. Таму што сапраўды праваабаронцы да гэтага ведалі толькі пра адзін выпадак памілавання чалавека, размова ідзе пра Сяргея Праціраева. Да гэтага, калі згадаць, што ў нас каля 400 прыведзеных у выкананне смяротных прысудаў, усяго столькі выпадкаў памілавання, гэта, канешне, у пэўнай ступені можна назваць нейкай такой сенсацыяй.

Да гэтага праваабаронцам было вядома толькі пра адзіны выпадак памілавання асуджанага да смяротнага пакарання за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі.

Нагадаем, 10 студзеня 2020 года на выязным пасяджэнні Магілёўскага абласнога суда ў Чэрыкаве былі вынесены адразу два смяротныя прысуды ў дачыненні да братоў 19-гадовага Станіслава і 21-гадовага Іллі Косцевых. Іх абвінавацілі ў забойстве настаўніцы, якая жыла па суседстве, і падпале яе дома. Прысуд аб прызначэнні вышэйшай меры пакарання — расстрэлу вынес суддзя Міхаіл Мельнікаў.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя