Пабачыў свет новы альбом Напалеона Орды
Пабачыў свет новы альбом прац вядомага беларускага мастака Напалеона Орды, яго падрыхтавалі ў выдавецтве “Беларусь”. Альбом змяшае 190 літаграфій мастака, якія захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы.
“Працы Орды каштоўныя тым, што выявы многіх гістарычных аб’ектаў захаваліся толькі на іх”, – адзначае пінскі краязнаўца Эдвард Злобін:
– Каштоўнасць яго малюнкаў у тым, што большасць гэтых аб’ектаў не існуюць у цяперашні час. І што яшчэ важна: многія аб’екты, якія замаляваў Орда, гэта адзіныя выявы канкрэтных мясцінаў, ці аб’ектаў. Бо мастак рабіў гэтыя замалёўкі да з’яўлення фатаграфіі. Такім чынам, гэта адзіная крыніца, дзякуючы якой мы можам меркаваць аб нейкім аб’екце.
Напалеон Орда нарадзіўся ў 1807 годзе ў маёнтку Варацэвічы тады Пінскага павета. Вядомы не толькі як мастак, але і як кампазітар і педагог. Свае працы ствараў вандруючы па землях былога Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Удзельнічаў у паўстанні 1830—1831 гадоў, пасля якога на дваццаць гадоў выехаў у Францыю. Памёр у Варшаве ў 1883 годзе.
Беларускае Радыё Рацыя