Гародня: “Леаніды вяртаюцца…” ад Алеся Дзянісава



Гарадзенскі музыка, вакаліст гурта Dzieciuki Алесь Дзянісаў 2 траўня закінуў у сеціва свой новы акустычны альбом пад назваю “Леаніды вяртаюцца..”. У альбоме 14 песень на словы Уладзіміра Караткевіча.

Пра альбом кажа Алесь Дзянісаў:

– Постаць вельмі знакавая, магутная, моцная. Яшчэ раней я напісаў на верш “Надпіс на камяні над крыніцай”. Гэтая песня прагучала ў апошнім альбоме “Дзецюкоў”. Па гэтай жа прычыне гэтая песня не ўвайшла ў мой сольнік, таму што яна была, на мой погляд, зроблена добра і ўдала. Проста я нічога новага ў акустычным варыянце, напэўна, не дадаў бы. Я там браўся яшчэ за нейкія вершы, але штосьці ўжо не ішло. Я зразумеў, што хопіць.

Алесь Дзянісаў кажа, што частка песень ужо гучала ў іншых выканаўцаў

– Потым пазней я даведаўся, я пра гэта не ведаў, але, напрыклад, у Вайцюшкевіча была песня “Пяць струкоў перца”, там “Уліс”, у якога была песня “Жаўранак звонкая ніць”. Памідораў таксама з “Улісам” рабіў. Гэта ўсё я даведаўся пазней, скажу шчыра. А так Лявон выпусціў песню “Па вечным 1863 года” раней. Але мая песня, прынамсі тое, што я зрабіў для сябе, гэта было значна раней, чым Лявон выпусціў потым песню. Дарэчы, я напісаў Лявону, каб ён паслухаў. І ён адказаў, што спадабалася ўсё.

Альбом быў запісаны дзякуючы гарадзенскаму музыку Яўгену Кучмейну, а вокладку рабіла дачка Алеся Дзянісава Дар’я. Таксама ў 2021-м годзе плануецца выхад так званага самотніка – маленькага альбому з 5-ці песень гурта Dzieciuki.

Беларускае Радыё Рацыя