Не любяць адзін аднаго, аднак не могуць жыць паасобку
Літва і Латвія на працягу многіх гадоў з’яўляюцца асноўнымі эканамічнымі партнёрамі Беларусі. Гэта вынікае з геаграфічнага становішча краінаў. Літва і Латвія маюць добра развітую структуру партоў. Беларусь экспартуе шмат піратэхнічных і хімічных тавараў, а таксама прадукцыі з дрэва, а балтыйскія краіны – самыя танныя шляхі экспарту тавараў беларускай прамысловасці. З іншага боку, транзіт беларускіх тавараў ёсць істотнай крыніцай прыбыткаў для бюджэтаў Літвы і Латвіі.
Такая ўзаемная эканамічная залежнасць адбіваецца на пазіцыі ўрадаў названых дзяржаваў. Калі Еўразвяз у сакавіку 2012 года абмяркоўваў увядзенне эканамічных санкцый супраць некаторых беларускіх прадпрыемстваў, якія падтрымліваюць рэжым Аляксандра Лукашэнкі, у балтыйскіх краінах узніклі сумневы адносна слушнасці такіх дзеянняў. Рада Еўразвяза з прычыны настойлівага супраціву з іх боку выключыла са спісу некалькі суб’ектаў, на якія мелі пашырыцца санкцыі і якія былі найбольш заангажаванымі ў супрацоўніцтва з партнёрамі, пераважна латвійскімі.
Літва была больш крытычнай у дачыненні да рэжыму. Але нягледзячы на розныя погляды афіцыйных Рыгі і Вільні, аказваецца, што Аляксандр Лукашэнка яшчэ можа разлічваць на моцную падтрымку з боку мясцовага бізнесу, які перасцерагаецца санкцый з боку беларускіх уладаў.
Балтыйскія краіны вымушаныя праводзіць ураўнаважаную палітыку ў дачыненні да афіцыйнага Менска, бо ўся “тройка” знітаваная эканамічнымі сувязямі. Літва і Латвія, чальцы ЕЗ, афіцыйна не пярэчаць таму, што ў Беларусі парушаюцца правы чалавека, гэтыя краіны зацікаўленыя ва ўстойлівых стасунках з Менскам. З іншага боку, Менск вымушаны карыстацца чыгуначнай інфраструктурай, а таксама партамі балтыйскіх краінаў. Узаемныя эканамічныя сувязі ўплываюць на тое, што ў дачыненнях Беларусь-Літва-Латвія эскалацыя ўсіх канфліктаў стрымліваецца.
Двайная палітыка Літвы
Палітыка Літвы абапіраецца на падтрымку эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю і яго павольнае развіццё, але ў той самы час крытыкуе палітыку Аляксандра Лукашэнкі. Пры гэтым Вільня актыўна падтрымлівае беларускую апазіцыю і незалежныя медыі. Такую палітыку можна патлумачыць непасрэдным суседствам з Беларуссю, прамысловасць і ўзаемныя інтарэсы якой даюць літоўскай чыгуначнай інфраструктуры, а таксама марскому порту ў Клайпедзе значную частку абаротаў.
Паводле даступнай інфармацыі, каля 40% грузаў, якія абслугоўваюцца ў клайпедскім порце, паходзяць з Беларусі. Гэтыя грузы перавозяцца літоўскай чыгункай. Такое супрацоўніцтва мае для Літвы вельмі важнае значэнне, нават большае, чым сам гандлёвы абмен з Беларуссю. Літва займаецца транзітам пераважна калійных ўгнаенняў, дрэва, цэменту, капралактаму, газу LPG, піратэхнічных вырабаў, а таксама транзітам вуглю і г.д. Такая ўзаемазалежнасць дазваляе развівацца сектару транспарту і лагістыкі, удзел якога ў літоўскім ВУП складае больш за 10%. Таму літоўскія ўлады імкнуцца не ангажавацца непасрэдна ў палітычную барацьбу з рэжымам у Беларусі і не хочуць эскалацыі канфлікту, бо гэта можа негатыўна адбіцца на прыбытковай эканамічнай супрацы.
Такім чынам, на сённяшні дзень Літва падтрымлівае крытыку Лукашэнкі з боку іншых краінаў Еўразвяза, патрабуе вызвалення палітвязняў, а таксама захавання правоў чалавека ў Беларусі, і пры гэтым негатыўна ацэньвае “прынцыпы дэмакратыі” афіцыйнага Менска.
Асабістае меркаванне эксперта: ў Беларусі асноўныя прынцыпы свабоднай эканамічнай дзейнасці моцна абмежаваныя. Існуе шмат забаронаў і загадаў: што можна, а чаго нельга. Беларускі бізнесовец, напрыклад, не можа набыць тавар у Беларусі, а пасля прадаць яго па-за межамі краіны. Такое магчымае толькі ў выпадку вялікіх абаротаў. У выніку ўсе формы пасярэдніцтва ў гандлі былі знішчаныя (у Літвы няма сваёй істотнай прамысловасці, аднак, нягледзячы на гэта, яна выкарыстоўвае формы пасярэдніцтва ў гандлі). Людзі ў Беларусі баяцца пачынаць эканамічную дзейнасць, таму што беларускае заканадаўства часта змяняецца і часам не зусім зразумелае. У выпадку, калі з бізнесам не атрымаецца, маёмасць можа быць канфіскаваная. Таму некаторыя займаюцца нелегальным бізнесам, напрыклад, кантрабандай.
У сённяшняй сітуацыі галоўнай мэтай Літвы з’яўляецца падтрыманне добрых дачыненняў з Беларуссю. З аднаго боку, гэта падтрымка існага ўзроўню эканамічнай супрацы, з іншага – падтрымка крытычнай палітыкі Еўразвяза ў дачыненні Лукашэнкі. Дзеянні літоўскіх уладаў з мэтай залагодзіць стаўленне ЕЗ да ўладаў у Менск выклікалі б палітычныя кантраверсіі ў Еўразвязе, а ўзмацненне санкцый у дачыненні рэжыму магло б прывесці да значных эканамічных стратаў.
Беларускае Радыё Рацыя