Украіна можа адмовіцца ад менскага фармату перамоваў



Украіна можа адмовіцца ад менскага фармату перамоваў наконт Данбасу, калі вырашыць, што ён не дае плёну.  Пра гэта заявіў кіраўнік украінскай дэлегацыі, экс-прэзідэнт Леанід Краўчук.

„Калі ўбачым, што гэта спроба неяк адысці ад галоўнага пытання пра мір на Данбасе або спроба схаваць свае сапраўдныя намеры, буду прасіць — выходзіць з менскага фармату, таму што ўсё ўжо было зроблена, каб яго рэанімаваць, але, на жаль, не атрымалася. Значыць, трэба шукаць іншыя фарматы”, — перадае ТАСС словы Краўчука.

На думку афіцыйнага Кіева, змена фармату можа азначаць змену ў складзе  бакоў і павышэнне статусу ўдзельнікаў.

Краўчук не выключае, што фармат перамоў можа быць пашыраны, калі іх перанясуць у адну з еўрапейскіх краін. Альбо ў перамовах могуць быць задзейнічаныя больш высокапастаўленыя асобы, каб рашэнні цалкам адпавядалі нормам міжнароднага права і былі абавязковымі для выканання. Са сваёй пазіцыяй Украіна, па словах Краўчука вызначыцца пасля магчымых сустрэч паміж прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам і прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, а таксама паміж Пуціным і ўкраінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім.

Раней Краўчук назваў Аляксандра Лукашэнку васалам Пуціна і заявіў пра неабходнасць перанесці перамовы з Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: тэлеканал «Прамой»