Ваенная выведка ЗША заявіла аб змене тактыкі Крамля на постсавецкай прасторы



Выведвальнае ўпраўленне Міністэрства абароны Злучаных Штатаў (DIA) у штогадовай справаздачы аб ацэнцы пагроз коратка прааналізавала рэакцыю Расеі на крызіс у Беларусі.

У справаздачы выказваецца здагадка: што патрэба Крамля заставацца дамінуючай сілай, якая забяспечвае бяспеку ў краінах блізкага замежжа, вырасла, паколькі «эканамічны ўплыў Масквы на рэгіён становіцца ўсё больш няўстойлівым» – з-за з’яўлення іншых сіл з вялікімі фінансавымі рэсурсамі, напрыклад Кітая.

«У рашэнні Масквы пазбегнуць прамога ўмяшальніцтва ў нагорнакарабахскую вайну і абмежаваныя дзеянні ў адказ на масавыя пратэсты ў Беларусі сведчаць пра тое, што Крэмль мяняе сваю тактыку для захавання кантролю на постсавецкай прасторы», – адзначылі ў ваеннай выведцы ЗША.

У сярэдзіне красавіка офіс дырэктара Нацыянальнай выведкі Злучаных Штатаў згадаў Беларусь – таксама ў кантэксце Расеі – у дакладзе аб глабальных пагрозах бяспекі ЗША.

Аб дзеяннях Расеі падчас палітычнага крызісу ў Беларусі неаднаразова выказваўся генеральны сакратар Паўночнаатлантычнага альянсу Енс Столтэнберг, які заявіў што НАТА «падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць і незалежнасць Беларусі».

Беларускае Радыё Рацыя