Аўтамабіль з-за мяжы. Дзе беларусы набываюць машыны?
На сённяшні дзень большасць аўтамабіляў, якія ўвозяцца ў Беларусь, паходзяць з тэрыторыі Еўразвяза. Яны трапляюць на тэрыторыю Беларусі рознымі шляхамі, а іх паходжанне і гісторыя не заўсёды зразумелыя. Найчасцей набываюцца нямецкія, французскія ды японскія аўтамабілі. Яны папулярныя з прычыны нізкай аварыйнасці ды высокай якасці.
Дзе мы купляем і як? Большасць набытых аўтамабіляў паходзіць з Польшчы, Літвы, Нямеччыны, Галяндыі, Бельгіі. Набываюцца яны або непасрэдна ў прадаўца, або ў крамах з ужыванымі аўтамабілямі, або праз фірмы-ўладальнікі. Можам таксама наняць чалавека, які займаецца перавозкай аўтамабіляў.
Аўтамабілі з краінаў Бенелюксу
У буйных гарадах Беларусі ёсць спецыяльныя фірмы, якія арганізуюць выезды ў краіны Еўразвяза. Кіроўца ведае, дзе знаходзяцца вялікія комісы – крамы з ужыванымі аўтамабілямі, і калі пашчасціць, мы можам набыць машыну сваіх мараў у добрым стане. Аднак на месцы можам і расчаравацца. Таму што аўтамабілі ёсць, але цэны зусім не такія нізкія, на якія мы разлічвалі, ва ўсіх аўтамабіляў вялікія прабегі і часта гэта машыны, на якіх відочныя сляды эксплуатацыі. Добра, што ў комісах можна замовіць гісторыю аўтамабіля. Усе аўтакомісы падключаны да нямецкай цэнтральнай сістэмы аўтамабіляў, таму патрэбную інфармацыю атрымаць лёгка.
У 99% комісы прапануюць дызельныя аўтамабілі. Найлепшае рашэнне – гэта загадзя запланаваць трасу праезду і праверыць у інтэрнэце асартымент комісаў, у якія мы збіраемся заехаць. Большасць аўтамабільных комісаў у Нямеччыне, Галяндыі і Бельгіі належыць да выхадцаў з Турцыі.
Аўтамабілі з Польшчы
У Польшчы асартымент аўтакомісаў вельмі вялікі. Выстаўленыя на продаж машыны паходзяць з розных крыніцаў. Часта ў іх няма задакументаванай гісторыі, а ёсць некалькі былых уладальнікаў. Шмат машынаў ужо былі ў аварыях. Лепш за ўсе купіць машыну ад асобы, якая раней набыла яе ў фірмовым салоне і з розных прычынаў яе перапрадае.
Такія абвесткі знойдзем у інтэрнэце http://allegro.pl/ або ў лакальных гарадскіх газетах.
Важна: грамадзянін Польшчы, які з’яўляецца ўладальнікам аўтамабіля, акрамя складання дамовы продажу з беларусам, павінен у сваім Аддзеле камунікацыі гарадской управы зняць аўтамабіль з рэгістрацыі. Польскія рэгістрацыйныя табліцы замяняюцца часовымі табліцамі. Беларус атрымлівае таксама часовае рэгістрацыйнае пасведчанне на сваё прозвішча. Як прадаўцу, так і таму, хто набывае машыну, гэта дазваляе пазбегнуць клопатаў. Польская памежная служба абавязкова праверыць такія дакументы.
Машыны з Літвы
Вялікай папулярнасцю сярод беларусаў карыстаюцца аўтамабілі, прывезеныя з Літвы. Асартымент велізарны. На першы погляд цяжка знайсці найлепшы варыянт. Грузавыя і легкавыя машыны ў Літве таннейшыя за тыя, якія прадаюцца ў нямецкіх або польскіх комісах. Чаму так?
Важна: 100% аўтамабіляў, якія прадаюцца ў літоўскіх комісах, гэта прыватны імпарт. Яны паходзяць пераважна з еўрапейскіх тэрыторый, дзе былі паводкі, гэта могуць быць машыны часткова спаленыя, пасля цяжкіх аварыяў, а запчасткі да іх звычайна прывозяцца з Нямеччыны, дзе іх бяруць з аўатамабіляў, зданых на металалом.
Адмысловыя літоўскія аўтасервісы даюць машынам «другое жыццё». Спаяныя часта з дзвюх паловаў, палакіраваныя, памытыя і з чыстымі салонамі, яны павінны зрабіць добрае ўражанне і зацікавіць пакупнікоў. Лічнік кіламетраў падкручаны да патрэбнага ўзроўню, нібыта «новы рухавік», так што нават дасведчанаму механіку цяжка выявіць усе гэтыя «махінацыі». Гісторыя аўтамабіля таксама бывае сфабрыкаванай, як і ён сам. Сэрвісная гісторыя паўстае за 5 хвілінаў, адпаведныя пячаткі, подпісы і кніжка аўтамабіля фактычна адразу падрыхтаваныя. Фактура – гэта фікцыя. Можна без праблемаў атрымаць чысты бланк.
Насамрэч такі экзэмпляр аўтамабіля не паслужыць нам доўга, а запчасткі да заходніх марак аўто – не самыя танныя. У пасткі такога падману трапляюць як беларусы і палякі, так латышы ды эстонцы.
Беларускае Радыё Рацыя