Агляд прэсы: светлы шлях



Беларусь будзе займаць важнае месца ў парадку дня старшынства Славеніі. Кіпрскае пытанне: для дыялогу падставаў няма. СМІ сочаць за парламенцкімі выбарамі ў Гішпанні. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.

Французскі бюлетэнь Euractiv запэўнівае ў тым, што дэмакратызацыя Беларусі стане галоўнай у парадку дня старшынства Славеніі ў ЕЗ у другой палове года. Менавіта пра гэта заявіў міністр замежных спраў Анжэ Логар, прымаючы ў панядзелак лідэра беларускай апазіцыі Святлану Ціханоўскую.

«Падчас старшынства Славеніі адбудзецца саміт ЕЗ – Усходняе партнёрства, і сітуацыя ў Беларусі стане адной з ключавых тэм. Акрамя гэтага іншым партнёрам і ўсім міжнародным арганізацыям будзе растлумачана, наколькі важная гэтая барацьба за дэмакратыю ва ўсіх краінах, і падтрымка дэмакратычных працэсаў у Беларусі», – прыводзіць далейшую стратэгію французскае выданне.

 

Сустрэча ў Жэневе па кіпрскім пытанні доўжылася тры дні і скончылася безвынікова. Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш прызнаў, што кіпрска-грэцкі і кіпрска-турэцкі бакі не ў стане знайсці агульную мову нават для фармальнага пачатку новых перамоваў. Тым не менш, Гутэрыш мае намер у самы бліжэйшы час пачаць новы іх раўнд. Прэса не хавае свайго скепсісу. «Правал перамоваў быў чаканым», – мяркуе грэцкая газета Liberal.

«Гэта быў найбольш верагодны сцэнар, і Генеральны сакратар ААН пра гэта ведаў. Менавіта таму сустрэча і была нефармальнай. Пазіцыя Турцыі была ўсім вядомая, і ніхто не мае права спаслацца на алібі ў тым духу, што, маўляў, «мы нічога не ведалі». Турэцкі бок выразна выказала гэтую пазіцыю ў той самы дзень, калі сваім адкрытым умяшаннем прывяла Эрсіна Татара да перамогі на выбарах на акупаваных тэрыторыях. У вачах Анкары не можа быць ніякага іншага прымальнага рашэння, акрамя як заснаванага на плане, які адназначна вядзе да расколу на дзве суверэнныя дзяржавы, «аб’яднаныя» толькі геаграфічнымі межамі выспы», – падкрэслівае грэцкае выданне.

 

Жыхары рэгіёну Мадрыд абіраюць новы парламент. Дзеючая кіраўнік рэгіянальнага ўрада, Ісабэль Дыяс Аюса ад Народнай партыі, прызначыла правядзенне датэрміновых выбараў пасля таго, як выйшла з кааліцыйнай дамовы з ліберальнай партыяй Грамадзяне. Дыяс Аюса лічыцца фаварытам перадвыбарнай гонкі: яна выказала гатоўнасць уступіць у кааліцыю з ультраправай партыяй Vox. «Агрэсіўная выбарчая кампанія, падчас якой партыя Vox спрабавала набраць балы, калі ананімныя пагрозы фізічнай расправы, нанеслі шкоду дэмакратыі ў краіне», – канстатуе гішпанская газета La Vanguardia.

«Кампанія напярэдадні выбараў 4 мая пакінула дрэнны след. Перамога, хутчэй за ўсё, дастанецца кандыдатцы ад Народнай партыі – Аюса, якая і прыйдзе да ўлады, з падтрымкай Vox, а мо і без яе. Магчыма, большасць галасоў дастанецца і левым партыям, але гэта менш верагодна. У любым выпадку нам давялося перажыць нахабную і дыскрымінацыйную выбарчую кампанію, якая нанесла шкоду дэмакратычнай культуры краіны», – канстатуе гішпанскае выданне.

 

Па меры пашырэння кампаніі па вакцынацыі расце надзея на адмену шматлікіх абмежаванняў, і вяртанне да нармальнага паўсядзённага жыцця. Але пандэмія прымусіла адкрыць і зусім іншыя раны, якія працягнуць сыходзіць крывёй нават пасля таго, як паказнікі захворвання ізноў апынуцца пад кантролем.

Партугальскі часопіс Jornal de Notícias папярэджвае аб тым, што зняцце абмежавальных мераў не павінна азначаць адмены намаганняў па барацьбе з хваробай.

«Прыкметы аптымізму ўсё множацца. Згодна з планамі, верасень павінен стаць пачаткам новай эры – часам вяртання да санітарнай, а неўзабаве і да сацыяльнай нармальнасці. Гэты гарызонт надзеі для нас надзвычай важны, каб пазбегнуць дэпрэсіі і страхаў, якія ўзніклі з распаўсюджваннем Covid-19. Аднак верасень таксама цалкам можа стаць пачаткам эканамічнай і сацыяльнай катастрофы. Да таго часу многія сектары эканомікі канчаткова прасядуць для тых, хто пазбавіцца сваіх працоўных месцаў. Як вынік, факт таго, што пандэмію ўдалося перамагчы за кошт інтэнсіўнай вакцынацыі, будзе вельмі слабым суцяшэннем», – разважае партугальскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя