Камітэт абароны журналістаў асудзіў папраўкі ў беларускі закон пра СМІ
Камітэт абароны журналістаў асудзіў папраўкі ў беларускі закон аб СМІ, прынятыя Нацыянальным сходам. Закон яшчэ не падпісаны Лукашэнкам, не апублікаваны і не ўступіў у сілу.
Супрацоўнік міліцыі выцягвае карту памяці з камеры фатографа падчас акцыі пратэсту ў Мінску, Беларусь, 11 жніўня 2020 года. AFP / Сяргей Гапон
Папраўкі, сярод іншага, прадугледжваюць забарону на асвятленне несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, абмежаванні для рэгістрацыі СМІ для некаторых юрыдычных і фізічных асоб, нагадвае REFORM.by.
«Беларускія ўлады сістэматычна душаць свабодныя галасы, якія засталіся ў краіне, і цяпер яны хочуць змяніць закон, каб прымусіць незалежных журналістаў замаўчаць» — заявіла каардынатарка праграмы камітэта па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Гульноза Саід.
Яна заклікала беларускія ўлады не ўводзіць папраўкі ў сілу і спыніць пераслед журналістаў.
Камітэт абароны журналістаў — гэта незалежная некамерцыйная арганізацыя, якая адстойвае свабоду прэсы ва ўсім свеце. У склад камітэта ўваходзяць каля 40 экспертаў з усяго свету, штаб-кватэра знаходзіцца ў Нью-Ёрку.