25 гадоў з дня аднаўлення дзейнасці Беларускай грэка-каталіцкай царквы



Беларускія грэка-католікі адзначаюць сёлета 25 гадоў аднаўлення легальнай дзейнасці на тэрыторыі Беларусі. Праз 150 гадоў забароны, ганенняў і забыцця. Самі ўрачыстасці адзначэння юбілея адбудуцца ў верасні, пра гэта паведаміў адзін са стваральнікаў полацкай грэка-каталіцкай парафіі Мікола Шарах:

– Будуць вельмі высокія госці, маецца на ўвазе царкоўныя. У нас, у Полацку, урачыстасці будуць у царкве. Мерапрыемствы пройдуць па ўсёй Беларусі – у Менску, частка ў Віцебску і частка ў Полацку. У Полацку, можна сказаць, альбо нароўні з Менскам, альбо нават большая частка мерапрыемстваў, бо ў нас арыгінальная царква, у Беларусі другой такой няма.

Унія была гвалтоўна ліквідаваная царскімі ўладамі ў 1839 годзе. Спробы яе адрадзіць былі на пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Жыццё Беларускай грэка-каталіцкай царквы прадоўжылася ў 50–70-х гадах у Заходняй Еўропе, падпольнае ўніяцтва існавала і ў самой Беларусі — уніяцкія святары прыязджалі з Украіны, таемна служылі ў Гародні. Уніяцкая царква выйшла з падполля, аднавілася і расквітнела ў 1990-х гадах.

[Not a valid template]

Грэка-каталіцкая царква Св. Параскевы Полацкай у Полацку. Фота Таццяны Козік.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя