Доктара, калі ласка, доктара!



Многім стала зразумела за апошнія месяцы, што ў беларускай турме лепш не хварэць. То бок, раней таксама было не пажадана, але цяпер мы зразумелі і адчулі ўсё амаль на сваёй скуры з-за шматлікіх расповедаў адтуль і папулярнасці сацыяльных сетак.

Павялічылася канцэнтрацыя разумных людзей за кратамі, многія з іх выходзяць пасля сутак і шчыра распавядаюць пра свой досвед – інтэлігентныя экстраверты! Гэта новы досвед для ўсёй нашай “IT-краіны”… І гэты досвед ідзе ўшыркі па той простай прычыне, што прафесійныя дактары з’язджаюць за мяжу або сыходзяць у прыватную медыцыну, а падчас сыход у прыватны медцэнтр з захаваннем сваёй актыўнай грамадзянскай пазіцыі – толькі часовы прыпынак перад эміграцыяй. Ну, цяжка ў нашых шэрых шыротах разумным і неабыякавым людзям – іх літаральна выштурхоўваюць (і добра, калі не ў турму!). 

І вось так паступова становіцца зразумела, што і ў Беларусі ў цэлым лепей не хварэць… Хто лячыць будзе? І калі сітуацыя ў сталіцы і абласных цэнтрах пакідае выбар сярод многіх медыцынскіх установаў (дзяржаўных і прыватных), то стан рэчаў у раённых гарадах пакідае ўвогуле дрэннае ўражанне. І справа не толькі (і не столькі!) ў тэхнічнай базе і дызайне шпіталяў, але перш за ўсё – ва ўзросце лекараў і іх досведзе. Піянеры і пенсіянеры. Адным не хапае досведу, а іншым – вольнага валодання кампутарнымі тэхналогіямі…

Беражыце сябе і сваіх блізкіх, заставайцеся здаровымі! Па магчымасці.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ