Украіна ўзмацніла ахову на граніцы з Беларуссю



Украіна ўзмацніла ахову на граніцы з Беларуссю ў сувязі са зменай уладамі Беларусі сваёй пазіцыі ў расейска-ўкраінскім канфлікце. “Цяпер маем зусім іншую сітуацыю, чым тая, у якой апынулася Украіна ў 2014 годзе.

Тады, напрыклад, мы дакладна разумелі, што Беларусь з’яўляецца нейтральнай дзяржавай, а цяпер яна фактычна цалкам пад пратэктаратам Расейскай Федэрацыі”, — заявіў старшыня Дзяржаўнай пагранічнай службы Украіны Сяргей Дайнэка ў інтэрв’ю агенцтву РБК-Украіна.

Дайнэка дадаў, што беларускі бок ні разу дакументальна не пацвердзіў словы Лукашэнкі пра нібыта незаконнае перамяшчэнне зброі праз украінскую граніцу ў Беларусь. Да канца 2021 года на граніцы з Беларуссю Украіна ўвяла дадатковыя абмежаванні пагранічнага кантролю. У мінулым месяцы ўкраінскі бок правёў шэраг антытэрарыстычных вучэнняў у абласцях, якія мяжуюць з Беларуссю.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Прэс-служба Кабміна Украіны