Няма ніводнага пацвярджэння пра ўвоз зброі з Украіны ў Беларусь
Украінскія памежнікі не атрымалі ад беларускіх калег ніводнага пацвярджэння аб незаконным увозе зброі з Украіны ў Беларусь, заявіў камандзір Дзяржаўнай памежнай службы Украіны (ДПСУ) Сяргей Дайнека ў апублікаваным 5 траўня інтэрв`ю РБК-Украïна.
Чыноўніка папрасілі пракаментаваць тое, што „рэжым самаабвешчанага прэзідэнта гэтай краіны спадара Лукашэнкі перыядычна заяўляе пра нейкія пастаўкі зброі, тэхнікі і перапраўку „баевікоў” з Украіны”.
„Нават не хачу гэта каментаваць, — сказаў Дайнека. — На маёй памяці такое было мінімум тры разы за апошнія два гады, калі асабіста Лукашэнка заяўляў, што ў Беларусь з тэрыторыі Украіны трапляе незаконна зброя. Ні ў адным выпадку гэтая інфармацыя нічым не была пацверджаная”.
„Я афіцыйна звяртаўся да свайго візаві — галоўнага пагранічнага ўпаўнаважанага Рэспублікі Беларусь (верагодна, гаворка пра старшыню Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі. — БелаПАН.), і ніякіх тлумачэнняў або фактаў мне прыведзена не было. Я лічу, што наогул на гэта не трэба звяртаць увагі. Ахова мяжы на беларускім участку ўзмоцненая, але я пагроз на дадзены момант там не бачу”, — заявіў камандзір ДПСУ.
Дайнека зазначыў, што падчас канфлікту ва ўсходняй частцы краіны ў 2014 годзе Украіна „выразна разумела, што Беларусь з`яўляецца нейтральнай дзяржавай”, а цяпер, паводле яго слоў, Беларусь „фактычна цалкам пад пратэктаратам РФ”.
Кажучы пра тое, што да нядаўняга часу на мяжы з Украінай фіксавалася канцэнтраванне расейскіх войскаў, чыноўнік адзначыў, што на беларуска-ўкраінскім памежжы „крытычнага канцэнтравання не адбывалася”. Разам з тым ДПСУ „ўзмацніла ахову мяжы як з РФ, так і з Беларуссю”.
25 снежня 2020 года падчас наведвання дзіцячай інфекцыйнай бальніцы ў Менску Аляксандр Лукашэнка заявіў аб тым, што арыштаваны ваўкавыскі апазіцыйны актывіст Мікалай Аўтуховіч і яго група ўвозілі з Украіны вялікія партыі зброі для дэстабілізацыі абстаноўкі. „Нядаўна мы затрымалі групу Аўтуховіча. Мярзотнікі апошнія. Зараз мы іх усе каналы ўскрылі. Яны везлі тонамі зброю праз Украіну…” — сказаў ён.
Афіцыйны Кіеў у той жа дзень рэзка раскрытыкаваў заяву Лукашэнкі. Прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Украіны Алег Нікаленка адзначыў, што мантра пра „зброю з Украіны” выразна ўпісваецца ў палітыку Лукашэнкі па запалохванні беларускага народа.
На наступны дзень прэс-сакратар ДПСУ Андрэй Дземчанка заявіў, што ў апошнія гады беларускі бок любіць агучваць тэму кантрабанды зброі, якая нібыта перамяшчаецца з украінскай тэрыторыі, аднак ні разу пацвярджэнні Украіне не падаваліся.