Праваабаронцы: Справа палітвязня Мікалая Дзядка накіраваная ў пракуратуру



Справа блогера, журналіста і актывіста анархісцкага руху Мікалая Дзядка накіраваная ў пракуратуру, паведамляе праваабарончы цэнтр „Вясна”.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, яго абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса — 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак), 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі) і 295 (незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў).

Мікалая Дзядка затрымалі 12 лістапада 2020 года супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС у пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Пазней яго бацька Аляксандр Дзядок заяўляў, што пры затрыманні сын быў моцна збіты, а на допытах яго катавалі з выкарыстаннем слезацечнага газу. Заява пра катаванні была перададзеная ў Следчы камітэт.

24 лістапада стала вядома, што Дзядку выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 КК. У той жа дзень беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

У канцы сакавіка прэс-служба Следчага камітэта паведаміла, што ў дачыненні да Дзядка распачатыя крымінальныя справы па шэрагу артыкулаў акрамя вышэйзгаданага.

Так, было заяўлена, што актывіст на працягу некалькіх гадоў адміністраваў радыкальны тэлеграм-канал „Мiкоlа”, дзе публікаваліся „заклікі да ўдзелу ў масавых беспарадках, асабістыя дадзеныя супрацоўнікаў праваахоўных органаў, заклікі да пагроз, гвалту і абразы супрацоўнікаў міліцыі, журналістаў і дзяржаўных служачых”. У сувязі з гэтым была распачатая справа паводле ч. 3 арт. 361 КК

Акрамя таго, у СК паведамілі, што падчас вобшуку пры затрыманні Дзядка былі выяўленыя і канфіскаваныя „прадметы, паражальнае дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў”. На падставе гэтага ў дачыненні да актывіста распачалі справу паводле ч. 1 арт. 295-3 КК.

Дзядок раней ужо прызнаваўся палітзняволеным. У верасні 2010 года яго ўзялі пад варту, а ў маі 2011-га — прыгаварылі да чатырох з паловай гадоў зняволення на падставе ч. 2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства). У віну анархісту ставіліся шэраг нападаў на будынкі і падпалы, правядзенне несанкцыянаванай антываеннай акцыі ля будынка Мінабароны ў 2009 годзе, закідванне бутэлькамі з запальнай сумессю тэрыторыі пасольства РФ у Менску і будынка ізалятара часовага ўтрымання ў 1-м завулку Акрэсціна ў Мінску.

У лістападзе 2014 года ў дачыненні да Дзядка адкрылі яшчэ адну крымінальную справу — паводле арт. 411 (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы) і працягнулі зняволенне на год.

belapan.by