Прадпрымальнікам забароняць купляць тавар за мяжой за наяўныя
З 9 ліпеня індывідуальным прадпрымальнікам забароняць купляць тавар за мяжой за наяўныя сродкі.
Прадпрымальнікі асцерагаюцца, што гэта паралізуе іх дзейнасць, піша «Наша ніва». Вясной 2019 года Нацбанк ужо ўводзіў такую забарону. Але тады прадпрымальнікам удалося правесці перамовы і змяніць сітуацыю на сваю карысць. Прынялі пастанову, якая зрабіла выключэнне для невялікіх здзелак: калі ІП разава купляў за мяжой тавару на суму, не большую за 100 базавых, то мог разлічвацца наяўнымі.
Старшыня аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка тлумачыць, што большасць ІП разлічваюцца наяўнымі і не змогуць выканаць новыя ўмовы. Асабліва пацерпяць прадпрымальнікі ў раёнах, якія закупляюць тавар для продажу дробнымі партыямі: яны вымушаны будуць узвінціць цэны. «Калі ёсць фірма, якая займаецца вялікімі пастаўкамі, то на іх колькасць тавару выдаткі кладуцца нязначныя – працэнты за перавод, адкрыццё рахунку, падаткі. А калі вязеш маленькую партыю, то гэтыя выдаткі часам роўныя кошту тавараў і вядуць да падаражання ў 100%», – кажа Анатоль Шумчанка.
Беларускае Радыё Рацыя