Улады гатовыя вынесці праект новай Канстытуцыі на грамадскае абмеркаванне? (абноўлена)



Улады дэкларуюць: новую Канстытуцыю будзем абмяркоўваць разам. Яны гатовыя вынесці праект на грамадскае абмеркаванне. Пра гэта ў эфіры тэлеканала АНТ расказала чалец Канстытуцыйнай камісіі Кацярына Рэчыц, маўляў, для іх важны механізм зваротнай сувязі, і грамадзяне змогуць скарэктаваць праект.

Але пакуль гэтую Канстытуцыю на вочы ніхто не бачыў, пракаментаваў у нашым эфіры дарадца Святланы Ціханоўскай у пытаннях канстытуцыйнай рэформы Анатоль Лябедзька. Што хаваюць улады – пакуль невядома:

– Звычайныя грамадзяне не бачаць. У гэтым ёсць фундаментальныя розніца і розны падыход да дакументаў, якія прапануе Лукашэнка, і якія прапануюць прыхільнікі пераменаў. Думаю, што і захаваецца такая таямнічасць, быццам бы ёсць гэты праект, але адкрыта не будзе доступу ў грамадзянаў. Я думаю, да самага магчымага рэферэндуму, які яны задумаюць правесці па гэтых зменах і дапаўненнях да дзеючай Канстытуцыі.

Канстытуцыйная камісія павінна да 1 жніўня прадставіць Аляксандру Лукашэнку выпрацаваныя прапановы па змяненні Канстытуцыі для наступнага іх вынясення на рэспубліканскі рэферэндум. Пра стварэнне новай Канстытуцыі абвясцілі на так званым усебеларускім народным сходзе. Працуе дзяржаўная канстытуцыйная камісія, першае пасяджэнне якой адбылося 31 сакавіка.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

***

Аб планах вынясення праекта новай Канстытуцыі на ўсенароднае абмеркаванне ў эфіры тэлеканала АНТ расказала чалец Канстытуцыйнай камісіі Кацярына Рэчыц.

«Для Канстытуцыйнай камісіі прадугледжаны механізм зваротнай сувязі. Той праект, які будзе выпрацаваны, будзе выносіцца на ўсенароднае абмеркаванне», – заявіла Рэчыц.

Паводле яе слоў, у грамадзян «будзе магчымасць вызначыць, наколькі гэты праект адпавядае сацыяльнаму запыту, альбо скарэктаваць яго».

«Асабістае меркаванне ў тым, што беларускае грамадства імкнецца да моцнай прэзідэнцкай улады», – адзначыла Кацярына Рэчыц.

Камісія павінна да 1 жніўня прадставіць Аляксандру Лукашэнку выпрацаваныя прапановы па змяненні Канстытуцыі для наступнага іх вынясення на рэспубліканскі рэферэндум.

Беларускае Радыё Рацыя