Працягваецца пераслед чальцоў Саюза палякаў у Беларусі



Працягваецца пераслед чальцоў Саюза палякаў у Беларусі і агульна прадстаўнікоў польскай нацыянальнай меншасці. Стала вядома і пра новыя выклікі ў Следчы камітэт, і пра новае затрыманне.

За кратамі надалей застаюцца пяць чалавек: старшыня Саюза палякаў Анжаліка Борыс, а таксама журналіст і польскі актывіст Анджэй Пачобут з Гародні, Ірэна Бернацкая з Ліды, Марыя Цішкоўская з Ваўкавыска і Ганна Панішава з Берасця. Усе яны ўтрымліваюцца ў Менску ў СІЗА на Валадарскага, а падазраюць іх у распальванні варожасці на нацыянальнай глебе і рэабілітацыю нацызму. З самага пачатку справы пад пільную ўвагу службаў трапіў працэс навучання польскай мовы ў розных гарадах краіны, хоць пераважна ў заходніх рэгіёнах. Цяпер стала вядома, што Следчы камітэт Беларусі выклікае на допыты дзеячаў рэгіянальных аддзяленняў Саюза палякаў з Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны. Паводле інфармацыі сайта znadniemna.pl, прынамсі трое сябраў СПБ з Гарадзеншчыны выкліканыя на 5-6 мая. Гэта асобы з Азёраў, Індуры і Зэльвы. Падобная сітуацыя на Берасцейшчыне і ў самым Берасці, дзе некалькі польскіх актывістаў таксама павінны з’явіцца ў Следчы камітэт.

Дый сам галоўны рэдактар сайта znadniemna.pl Анджэй Пісальнік разам з жонкай, журналісткай Інэсай Тодрык-Пісальнік і непаўналетнім сынам вымушаныя былі нядаўна ўцякаць з Гародні ў Польшчу, пасля допытаў у Менску і ператрусаў. Небяспека арышту і таго, што дзіця можа застацца без бацькоў, прымусіла сужэнцаў з невялікім пакункам рэчаў паспешліва пакінуць сваю хату і сваю радзіму. А напярэдадні стала вядома, што вечарам 4 мая быў затрыманы аператар, які працуе для TV Polonia ў праграме “Nad Niemnem” Андрэй Фралоў. Яго затрымалі на Лідчыне, канфіскавалі аўтамабіль, якім ён вяртаўся з Бярозаўкі ў Гародню пасля запісу святой імшы ў інтэнцыі арыштаваных актывістаў польскай нацыянальнай меншасці. Пакуль вядома, што Андрэй Фралоў затрыманы на 72 гадзіны, а папярэдне паведамлялася, што нібыта за “непадпарадкаванне супрацоўнікам праваахоўных органаў”. Журналіст утрымліваецца ў Лідзе, дзе ад жонкі адмовіліся ўзяць перадачу з рэчамі першай неабходнасці, спаслаўшыся на нейкае ўнутранае распараджэнне не браць перадачы для “палітычных”.

Днямі прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда з нагоды Дня Палоніі і палякаў за граніцай, які адзначаецца 2 мая, напісаў ліст арыштаваным дзеячам польскай меншасці, які накіраваў у СІЗА №1 Менска. Польскі лідар піша, што палякі ў Беларусі – гэта частка беларускага грамадства, раўнапраўныя грамадзяне Беларусі, якія спрычыняюцца да развіцця і дабрабыту краіны. Яны маюць права на свабоду і права далей будаваць незалежную і дэмакратычную Беларусь, развіваць кантакты паміж нашымі дзяржавамі і народамі. Гэта важныя словы падтрымкі і салідарнасці з боку польскай дзяржавы.

Беларускае Радыё Рацыя