Мытніка не ашукаеш. Частка 2/3



Выезд з Беларусі – польскі бок

З польскага боку чакае нас праверка пашпартоў. Памежнікі спытаюць пра страхоўку, мэту падарожжа ды колькасць грошай, якія патрэбныя для знаходжання ў Польшчы.

Памежнікі правяраюць, як часта мы пераязджаем праз мяжу і (УВАГА) могуць звярнуцца да мытнікаў, каб быў праведзены асабісты дагляд або дагляд нашага аўтамабіля. Зразумела, што “ніхто нічога не вязе”, таму няма пра што непакоіцца. Калі ў час ранейшых паездак у Польшчу падарожнік парушаў законы, мае нявыплачаны штраф або справа ў дачыненні да яго разглядаецца ў судзе, памежныя службы могуць яго затрымаць.

Пад’язджаем да польскага мытніка

Мытнік спытае, што мы дэкларуем для праверкі. Агледзіць аўтамабіль, пастучыць па дзвярах і можа заглянуць у вядомыя яму “схованкі”, праверыць ручны багаж. Напрыканцы мытнік унясе ў камп’ютарную сістэму “падарожнік” дадзеныя нашага пашпарта, і тут можа здарыцца нечаканае. Паколькі сістэма дзейнічае ўжо ад некалькіх гадоў, то ў ёй сабраныя ўсе звесткі, у тым ліку атрыманыя раней штрафы разам з апісаннем месца, дзе быў схаваны нелегальны тавар.

Камп’ютарная сістэма можа сама прапанаваць правесці дагляд аўтамабіля. І тады ніякія тлумачэнні кшталту “я нічога не вязу”, ці “ў мяне бабуля хворая”, ці “я не паспею ў аптэку” не дапамогуць. Мытнікі дакладна ведаюць, што ў многіх аўтамабілях перавозіцца кантрабандны тавар, хоць і не могуць праверыць дакладна кожны аўтамабіль.

Калі мы ўжо трапім на падрабязны агляд, так званую “яму”, застаецца толькі спадзявацца на тое, што мытнік паверыць, што “гэта памылка”. Аднак ён не паверыць, бо мае досвед, а таксама яго абавязвае пэўная працэдура.

“Ворагі кантрабанды”

На “яме” мытнікі могуць з дапамогай эндаскопу праверыць бак, нават калі ён запоўнены палівам. Маленькая лямпачка, якая зафіксаваная на канцы провада гэтага абсталявання, і невялікі манітор дазваляюць выявіць нелегальны тавар.

imagesC22 Гэтая прылада дапамагае выкрываць метал, а, як вядома, кожны пачак цыгарэтаў мае ўкладку з алюмінію, на якую рэагуюць датчыкі прылады. Гэта пашыранае і простае прыстасаванне створана для выкрыцця электрычных кабляў у сценах. Аднак яно стала папулярным і сярод мытнікаў, паколькі падвышае выніковасць іх працы. З дапамогай такой прылады можна праверыць сядзенні і бакавую абшыўку.

 

imagesC3

Яшчэ адна прылада для выяўлення металу. Выкарыстоўваецца ў час асабістага дагляду. Працуе на батарэйцы, простая ў выкарыстанні, а пры гэтым вельмі дапамагае ў пошуках кантрабанды. Рэагуе толькі на метал, а гэта значыць і на алюмініевую ўкладку ў пачках з цыгарэтамі.

imagesC4

Напрыканцы – найлепшае. Для выяўлення прыхаваных цыгарэтаў няма лепшага “абсталявання”, чым сабака пароды лабрадор. Яго танна гадаваць, ён мае дасканалых нюх і не просіць грошай. Адзіная аплата ягонай працы – гульня і міска супа.

 

imagesC6

Астатнія інструменты для пошуку кантрабанды – гэта адвёртка і добрае “вуха”.

Калі ў нас знайшлі нешта недазволенае, застаецца “пакаяцца” перад службамі на мяжы і пагадзіцца з дастаткова высокім штрафам. Тут няма магчымасці перамоваў, паколькі памеры штрафаў залежаць ад колькасці кантрабандных цыгарэтаў і вызначаныя загадзя. Мытнікі ведаюць, дзе можна што-небудзь схаваць. Таксама можна быць упэўненымі ў тым, што кожны аўтамабіль, які запраўляецца газам, ёсць патэнцыйна кантрабандным, і мытніка абавязкова зацікавіць паліўны бак або газавы балон.

Але найважнейшая справа – гэта паводзіны падарожніка, за якім пільна назіраюць. Усе прыкметы ненатуральных паводзінаў – гэта сігнал для больш пільнага дагляду яго аўтамабіля.

Пасля мяжы

Пасля праходжання ўсіх працэдураў на мяжы падарожнікі накіроўваюцца кожны ў сваім напрамку. Адныя – да “знаёмых”, дзе здаюць правезены тавар, іншыя – па пакупкі ў маркеты. А часам і першае, і другое. Сапраўдныя турысты цэлымі сем’ямі накіроўваюцца ў Варшаву, Вільню ці, напрыклад, у Аўстрыю на гарналыжныя курорты. Там можна цешыцца свабодай ды выдаткоўваць грошы на дарагія гатэлі. Беларуская або руская мова – вядомыя ў найбольш папулярных месцах адпачынку. Так што моўных бар’ераў – няма.

Беларускае Радыё Рацыя