Паўтара года „хатняй хіміі” за рэпост пра ўчастковага



Суддзя суда Пружанскага раёна Ігар Жытко пакараў Людмілу Царану годам і шасцю месяцамі „хатняй хіміі” за нібыта рэпост з Чорнай кнігі Беларусі аб участковым Сяргею Уроднічу.

Таксама жанчына павінна выплаціць „пацярпеламу” Уроднічу 1000 рублёў маральнай шкоды, гаворыць прысутны на судзе паэт-пчаляр Мікола Папека:

– Жанчына значна старэйшая за мужчыну, хай сабе міліцыянта. Калі яна папрасіла выбачэння, як гэта было сярод нашых людзей, гэта дастаткова для таго, каб чалавеку дараваць. 

Паводле сябра праваабарончага цэнтру „Вясна” Сяржука Русецкага, абсалютна ненармальна такое пакаранне за рэпосты:

– Калі ў Еўразвязе гонар і годнасць чыноўнікаў абараняецца ў меншай ступені, чым звычайных грамадзян, то ў нашай краіне на жаль наадварот. Людзям даюць 1,5-2 гады „хатняй хіміі” і пры гэтым яны мусяць кампенсаваць маральную шкоду.

Цалкам рэпартаж слухайце ў далучаным файле:

Па словах юрыста Ганны Баран, Людміла Царану невінаватая абсалютна. Яна не размяшчала пост пра Уродніча ў Чорнай кнізе, а за рэпост, калі чалавек паверыў інфармацыі, пацверджанай дакументальна, крымінальнай адказнасці няма. Людміла Царану будзе абскарджваць рашэнне суда Пружанскага раёна.

 

Беларускае Радыё Рацыя