Журналіста Андрэя Фралова будуць судзіць 7 траўня



 Паводле папярэдняй інфармацыі, суд над затрыманым гарадзенскім журналістам Андрэем Фраловым адбудзецца 7 траўня ў Лідзе, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) са спасылкай на жонку Фралова.

Журналіста затрымалі 4 траўня ў Бярозаўцы (Лідскі раён, Гарадзенская вобласць), ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання ў Лідзе. Першапачаткова паведамлялася, што Фралова абвінавачваюць у непадпарадкаванні міліцыі. 5 траўня сваякам паведамілі ў ІЧУ, што ён затрыманы на 72 гадзіны.

„Калегі падазраюць, што адміністрацыйнае затрыманне, магчыма, нагода часова ізаляваць журналіста”, — гаворыцца ў паведамленні БАЖ.

5 траўня ў ІЧУ ў жонкі Фралова адмовіліся прыняць для яго перадачу, растлумачыўшы, што „для палітычных перадачы не бяруць”.

Андрэй Фралоў супрацоўнічае з рознымі медыя, уключаючы польскі тэлеканал TVP Polonia.

belapan.by