Мытніка не ашукаеш. Частка 1/3
Выезд з Беларусі: беларускі бок
Мэтай большасці падарожжаў грамадзянаў Беларусі ў Польшчу ёсць пакупкі ў супермаркетах. Тут мы набываем харчовыя тавары, бытавую тэхніку, аксесуары для аўтамабіляў.
Iншыя ж “турысты” паездкі ў Польшчу выкарыстоўваюць як нагоду падзарабіць ды займаюцца дробнай кантрабандай. Але варта памятаць пра мытныя правілы. Кожная дзяржава мае свае правілы, мэта якіх адна: абараняць уласны рынак ад нелегальных тавараў, найперш цыгарэтаў.
Дык, паехалі…
На польска-беларускай мяжы, на беларускім баку, стомлены мытнік спытаецца ў кіроўцы асабовага аўтамабіля: “Колькі везяце цыгарэтаў?” і папросіць паказаць фіскальны чэк з крамы, у якой цыгарэты набытыя. Зразумела, беларускія цыгарэты лічацца, калі можна так сказаць, “экспартным хітом”, пра што ведаюць і мытнікі, і памежнікі, і вышэйшыя ўлады, а нават прыбіральшчыцы.
Аднак мытніка можа зацікавіць месца, дзе схаваныя цыгарэты, бо, у рэшце рэшт і яго сям’я ў пэўнай ступені звязаная з мяжой, і ён павінен ведаць пра ўсе магчымыя аўтамабільныя схованкі. Існуе шмат розных марак аўтамабіляў, таму такая інфармацыя можа быць каштоўнай і павучальнай.
Але можам апынуцца і ў горшай сітуацыі, калі вязём цыгарэты з расійскай акцызнай маркай. Нават калі іх няшмат – з-за гэтага мытныя службы могуць канфіскаваць аўтамабіль.
Выпадкі, калі беларускія мытнікі забіраюць асабовы, а нават грузавы аўтамабіль, нярэдкія. Кіроўцы фураў, якія вяртаюцца з далёкай дарогі – з Расіі ці з Казахстана – часта вязуць з сабой цыгарэты з расійскімі акцызамі, каб потым выгадна перапрадаць іх ў краінах Еўразвяза. І забываюць, што на іх шляху яшчэ беларуская дзяржаўная мяжа, на якой мытнікі могуць праверыць аўтамабіль, у тым ліку кабіну, з дапамогай рэнтгену (гэта так званы мабільны рэнтген). Такі спосаб кантролю дазваляе выявіць усе схованкі, прасвятляе колы, сядзенне кіроўцы, бакавыя сценкі кабіны, падлогу прычэпа.
На “першы агонь” ідуць палякі і літоўцы
Усё залежыць ад мытніка (“даглядальшчыка”): калі яму нешта не спадабаецца, а паводзіны кіроўцы не будуць “адпаведнымі”, то ў хаду ідзе мабільны рэнтген. У той жа час да беларускіх ды расійскіх кіроўцаў ставяцца больш паблажліва, таму тыя маюць “больш свабоды”. Кантроль у іх выпадку ажыццяўляецца павярхоўна; можна сказаць, што ён праводзіцца больш дзеля статыстыкі, чым фактычна.
Мытныя правілы наконт легальнага вывазу з Беларусі беларускіх тытунёвых вырабаў на працягу апошніх гадоў часта змяняліся. Здаралася, што іх вываз быў цалкам забаронены. Таму цяпер усе паслухмяна стаяць у чарзе і чакаюць мытнага кантролю. Лепш не вылучацца сярод іншых ды не кідацца службоўцам у вочы, шпацыруючы па памежным пераходзе ці шукаючы прыбіральні. Нервавацца і крычаць таксама не варта – чаргі гэта не прыспешыць.
Стаяць спакойна ўсе: і на зялёным, і на чырвоным калідоры. Афіцыйна, каго не спытай, усе едуць за пакупкамі ў свае ўлюбёныя крамы, на аптовыя склады, рынкі. І сапраўды яно так ёсць. Але многія вязуць з сабой тавар, які ў Польшчы з’яўляецца нелегальным – цыгарэты. Аднак пра гэта не гаворыцца, бо навошта… Цыгарэты сабе ціха ляжаць у вядомых толькі нам схованках. Прынцып ёсць такі: кожны ведае, што кожны нешта мае.
А потым толькі шлагбаум – першы, другі, і мы, нарэшце, у Еўрапейскім звязе…
Працяг будзе…
Беларускае Радыё Рацыя